Чалы: Нацбанк вырашыў, што дэвальвацыя — гэта апошняе, на што ён пойдзе

Захады, якія зараз Нацбанк прымае на валютным рынку, накіраваныя на тое, каб захаваць замежныя грошы для ўкладальнікаў беларускіх банкаў, мяркуе незалежны аналітык Сяргей Чалы. На яго думку, у бяспецы дэпазітных укладаў у валюце можна быць больш-менш упэўненым.

“Для тых, хто захаваў дэпазіты ў беларускіх рублях, сітуацыя горшая. Рызыка таго, што нейкая змена курсаў усё ж адбудзецца, і пэўныя страты яны панясуць, у святле апошніх рашэнняў Нацбанка павялічваецца. Хаця відавочна, што Нацбанк ужо прыняў рашэнне наконт таго, што дэвальвацыя — гэта апошняе, што можа адбыцца ў нашай краіне”, — мяркуе эксперт.

Што праўда, у выпадку, калі Нацбанк адчуе імклівы адток валютных унёскаў, ён можа іх замарозіць. Верагоднасць такога захаду вельмі невялікая, — лічыць Сяргей Чалы. Але заўважае, што ўладальнікам валютных дэпазітаў лепш пакінуць свае грошы на банкаўскіх рахунках.

Нагадаем, мараторый на зняццё валюты з рахункаў у банках уводзіўся ў кастрычніку 2008 года ва Ўкраіне. Калі фінансавая сітуацыя там палепшылася, забарону на зняцце валюты з банкаў знялі.