Чалы: Чаканні крызіса моцна перабольшаныя
А сённяшняе падзенне курса долара не азначае, што ўрад штучна стрымлівае надыход новага крызіса.
Жнівеньскае адмоўнае сальда ў знешнім гандлі не азначае, што бліжэйшым часам беларускую эканоміку чакае чарговы крызіс. Такое меркаванне Еўрарадыё выказвае эканаміст Сяргей Чалы.
Сяргей Чалы: “Напружаныя чаканні крызіса, насамрэч, моцна перабольшаныя. Звычайна крызісы здараюцца не тады, калі іх чакаюць, а тады, калі здаецца, што ўсё добра. Як, да прыкладу, у сітуацыі з дасягненнем заробку ў 500 долараў: дасягнулі, усіх палкамі пабілі, сямсот чалавек пасадзілі – усё добра. Звычайна тады крызісы і здараюцца. А не тады, калі іх пастаянна чакаюць і калі нават урад выказвае напружанасць сітуацыяй, якая склалася”.
Нагадаю, паводле звестак Белстата ў жніўні, упершыню ў бягучым годзе, у знешнім гандлі краіны склалася адмоўнае сальда – 385,7 мільёнаў долараў. Асобныя аналітыкі звязваюць гэта са спыненнем гандлю расійскімі растваральнікамі.
Тым не менш, Чалы прагназуе рост курса долара ў бліжэйшы час. Але, кажа, гэта не залежыць ад жнівеньскага мінуса ў знешнім гандлі – курс “плаваючы” і гэта нармальная з’ява, калі курс долара то падае, то крыху расце.