Чаго ідуць у дэпутаты “цёмныя кабылкі”?

120720 Paniamon_Vybary.mp3

Людзі, якія дагэтуль ніколі не былі заўважаныя ні ў палітычнай, ні ў грамадскай дзейнасці, ідуць на парламенцкія выбары і рэгіструюць свае ініцыятыўныя групы. Хто гэтыя людзі і што іх кліча ў парламент, разбіраецца Еўрарадыё.


Першы сюрпрыз ў гэтым даследаванні падрыхтаваў Магілёў. Так, у акруговай выбарчай камісіі №85 Еўрарадыё заявілі, што асобы будучых кандыдатаў... таямніца!


Выбарчая камісія: “Інфармацыю пра кандыдатаў мы вам не дадзім — гэта канфідэнцыйная інфармацыя”.


Праўда, супакоілі, што праз некалькі дзён ініцыятыўным групам кандыдатаў будуць выдадзеныя пасведчанні і ўся інфармацыя з’явіцца ў інтэрнэце.


А вось супрацоўніца акруговай камісіі №86 таго ж Магілёва без праблем распавядае, што ініцыятыўную групу зарэгістраваў апаратчык ТАА “Магілёўхімвалакно” Дзяніс Кушнер, які ідзе на выбары ад партыі "Справядлівы свет".


У Маладзечне вырашыла заявіць пра сябе ў вялікай палітыцы журналістка мясцовага радыё Галіна Лазоўская. Яна будзе супернікам... старшыні райвыканкама! Што падштурхнула да такога супрацьстаяння?


Галіна Лазоўская: “А вы што, не чытаеце сайт праваабарончы “Вясна”?! Калі ласка, адкрыйце — і там адказ на ваша пытанне. Вы ўсё зразумееце і атрымаеце адказ, прачытаўшы інфармацыю, якая там змешчаная”.


Згодна з “інфармацыяй, якая там змешчаная”, пагадзілася яна на ўдзел у выбарах, “каб стварыць бачнасць альтэрнатыўных выбараў у выпадку, калі абодва апазіцыйныя кандыдаты не пойдуць да канца, што хутчэй за ўсё і адбудзецца”. І “пры любым раскладзе здымецца пад “кандыдата №1” — старшыню райвыканкама Фёдара Дамаценку.


У Вілейскай выбарчай акрузе №74 пазмагацца за дэпутацкі мандат вырашыў пенсіянер-самавылучэнец Вячаслаў Чалы. І змагацца ён будзе нават не, да прыкладу, са старшынёй мясцовага выканкама, а з начальнікам упраўлення КДБ па эканамічнай бяспецы Уладзімірам Русаком. Пенсіянер адзначае, што нават сабраць ініцыятыўную групу для змагання з такім канкурэнтам было складана.


Вячаслаў Чалы: “Людзі баяцца. Калі я збіраў групу ініцыятыўную, то пагадзіліся толькі 13 чалавек, а ў яго — 39. Уявіце сабе гэты дэсант КДБ, тым больш — па эканамічных злачынствах”.


Але адклікаць заяву на рэгістрацыю пенсіянер не збіраецца.