Бяляцкі: Суд над Саннікавым будзе апошняй кропляй у адносінах Беларусі і ЕС

У чарговы раз зала судовых пасяджэнняў, абраная для працэсу над удзельнікамі Плошчы, не змясціла ўсіх жадаючых. А з улікам таго, што 27 красавіка пачаўся суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, і цікавасць да яго вялікая, за дзвярыма засталося шмат людзей: і журналісты, і праваабаронцы, і палітыкі, і простыя грамадзяне.



Еўрарадыё запытала ў прысутных, якога выніку яны чакаюць ад суда над Андрэем Саннікавым.

Паводле кіраўніка незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, адзінае, на што можа спадзявацца палітык, — што прысуд не будзе па максімуме, 15 гадоў. Але перакваліфікацыі артыкула, па якім яго абвінавачваюць, чакаць не даводзіцца.

Алесь Бяляцкі: “Бачна па ўсім, што перакваліфікацыі таго артыкула, які прад’яўлены Андрэю Саннікаву, не будзе. А пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае ад 5 да 15 гадоў зняволення. Ведаючы, што суд мае абсалютна палітычную афарбоўку і рашэнне па лёсе Андрэя Саннікава будзе прымаць не суддзя, а непасрэдна сам Лукашэнка — чалавек помслівы па сваёй натуры, то я думаю, што пакаранне будзе дастаткова суровым”.




А сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі выказаў упэўненасць у тым, што Саннікава мусяць вызваліць проста ў зале суда як невінаватага.

Аляксандр Дабравольскі: “Размова не павінна ісці ні аб якім пакаранні ўвогуле. Ніякім — ні мяккім, ні жорсткім. Саннікаў гэтага не заслугоўвае. Ён чалавек не выпадковы, быў намеснікам міністра замежных спраў, ён чалавек аўтарытэтны і нічога заганнага не здзяйсняў. Ён толькі пратэставаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Трэба разлічваць на тое, што ніякага пакарання ён не панясе і, наадварот, будзе вызвалены. Але ніякай гарантыі гэтага няма, бо ў нас судовае рашэнне прымаецца не ў адпаведнасці з законам вельмі часта”.




Падобнае меркаванне выказаў і яшчэ адзін экс-кандыдат Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў: “Я добра ведаю Саннікава і ведаю, што ён беларускія законы не парушаў. Адназначна, што ён павінен быць сёння апраўданы. І я чакаю такога выніку суда. Вядома, ёсць сумненні, але спадзяюся, што ён будзе апраўданы”.




Але не верыць у гэта і не спадзяецца на мяккі прысуд калега Саннікава па знаходжанні ў СІЗА КДБ старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Больш за тое, ён расказаў пра існаванне таемнага “чорнага спісу” палітыкаў.

Анатоль Лябедзька: “На вялікі жаль, трэба прызнаць, што асабістае прысутнічае ў беларускай палітыцы. Ёсць пэўны спіс людзей, якія непрымальныя па тых ці іншых пазіцыях ці палітычных поглядах. І, зыходзячы з гэтага “чорнага ліста”, калі ты трапіў у гэты "чорны ліст", то, натуральна, табе не будзе шчасціць ні ў палітычнай, ні ў нейкай іншай дзейнасці ў Беларусі”.




А Саннікаў, па словах Лябедзькі, як і пераважная большасць дэмакратычных палітыкаў, акурат у гэтым спісе і знаходзіцца.

Упэўнены ў тым, што справа апраўдальным прысудам не завершыцца і будзе прызначанае зняволенне, і старшыня партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Можна, кажа, толькі спрачацца наконт таго, колькі гадоў зняволення прысудзяць.



У залу суда, акрамя сваякоў палітыка, здолелі трапіць дыпламаты: былі і еўрапейскія амбасадары, і прадстаўнік амбасады ЗША, і амбасады Расіі. На думку Алеся Бяляцкага, такая цікавасць дыпламатаў да працэсу сведчыць пра тое, што ад прысуду будуць залежаць і далейшыя ўзаемаадносіны іх краін з афіцыйным Мінскам.

Алесь Бяляцкі: “Мы стаім за крок да эканамічных санкцый у адносінах да Беларусі. Гэтыя грымоты грымелі ўжо месяц-два таму. І мне падаецца, што суд над Саннікавым будзе апошняй кропляй, якая прывядзе да ўскладнення адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю”.

І канчаткова сапсуе імідж Беларусі на міжнароднай арэне, дадаў Аляксандр Дабравольскі.

Фота: Змітра Лукашука