Будаўнікі з Еўрасаюза масава імкнуцца ў Беларусь на працу

Абвесткі пра тое, што “будаўнічая кампанія ў Літве шукае людзей для працы ў Беларусі”, зрабіліся ў літоўскай прэсе звыклымі. Ці сапраўды крызіс сціснуў краіны Балтыі настолькі, што з Вільні Беларусь падаецца будаўнікам раем на зямлі? "Так", — адказваюць у літоўскіх будаўнічых кампаніях.

Супрацоўніца кампаніі Vilmesta: “Тут такі крызіс у будаўнічай галіне, што вы сабе не ўяўляеце. На год уся будоўля ў краіне стала. Цяпер толькі крыху аднаўляецца, але вельмі павольна. І таму сапраўды надзвычай шмат будаўнікоў з Літвы імкнуцца працаваць на беларускіх будоўлях”.

Аднак знайсці ў Вільні будаўнічую кампанію, якая б адпраўляла сваіх работнікаў у Беларусь, мы не здолелі. Літоўцы разумеюць: прызнацца, што працы не хапае, — гэта найгоршая антырэклама. Таму калі пытаешся ў іх, хто ж ездзіць працаваць да суседзяў — усе называюць выключна сваіх канкурэнтаў:

Супрацоўніца літоўскай будаўнічай кампаніі: “Мы ў Беларусь нікога не адпраўляем, у нас дастаткова аб’ектаў у Вільні. Вы запытайцеся, можа, у іншых кампаніях — Hanner, Ranga IV, EIKA…”

Між тым, дзяжурны ў беларускай амбасадзе ў Літве штодня прымае тэлефанаванні ад людзей, якія хацелі б працаваць у нашай краіне:

Дзяжурны:
“У мяне перад вачамі свежая газета. Пішуць, што зараз у Літве 676 тысяч беспрацоўных. Яшчэ больш за паўмільёны людзей працуе за мяжой. І гэта сапраўды катастрофа: увесь час тэлефануюць літоўцы, якраз будаўнікі. Пытаюцца, якія трэба дакументы афармляць, каб паехаць на працу ў Беларусь.

А я кажу ім: чаго вам там, мёдам намазана? У Беларусі заробкі будаўнікоў не такія высокія, як у краінах Еўрасаюзау, ды і выдаткі на жытло і харчаванне будуць вялікія... Яны ж без візаў могуць у Нарвегію паехаць! А яны адказваюць: вялікі заробак ці невялікі — нам хаця б што-небудзь каб было...”


Літоўская кампанія Ranga IV адпраўляе сваіх будаўнікоў працаваць нават у Нігерыю. Іншая буйная фірма — Hanner — яшчэ да крызісу распачала ў Мінску ўзвядзенне бізнэс-цэнтра “Сузор’е”. Праўда, літоўцаў там амаль няма. Найперш таму, што будоўля часова спыненая:

Супрацоўніца ЗТАА “ХанерБелІнвест”:
“Пакуль будоўля ішла, з літоўцаў у нас працавалі толькі мэнэджары. Зараз жа і іх няма”.

Куды ж едуць літоўскія муляры і маляры, цясляры і плітачнікі? Паводле словаў намесніка інжынера па падрыхтоўцы кадраў Дырэкцыі будаўніцтва Астравецкай АЭС Уладзіміра Горына, яны расцякаюцца па ўсёй Беларусі, бо шмат хто з працаўнікоў мае беларускія карані.

Уладзімір Горын: “Шмат у каго з будаўнікоў, якія б хацелі працаваць у нас, беларускія карані. Яшчэ з часоў Савецкага саюза спецыялісты, напрыклад, пасля мінскага палітэха траплялі на Ігналінскую АЭС. Цяпер яна закрытая — і яны хацелі б вярнуцца назад”.

У Беларусі літоўцы спадзяюцца быць “сваімі”. Можа таму і імкнуцца не далей у Еўрасаюз, а менавіта да нас. На Астравецкую АЭС прыходзіць шмат анкетаў літоўскіх будаўнікоў. Але пакуль ім там не радыя:

Уладзімір Горын: “Праз арганізацыю беларусаў за мяжой “Крок” і праз амбасаду да нас прыходзіць шмат анкет. У асноўным гэта ці людзі без спецыяльнасці, ці спецыяльнасці чыста будаўнічыя. Але ў нас пакуль што аб’ёмы будаўніцтва малыя, і таму “Гроднапрамбуд” спраўляецца сваімі сіламі. Літоўскіх будаўнікоў на будпляцоўцы Астравецкай АЭС пакуль няма”.

Калі атамную станцыю пачнуць будаваць шпарчэй, літоўскія беспрацоўныя будаўнікі “засвецяцца” і ў Астраўцы. Нягледзячы на тое, што супраць Астравецкай АЭС Літва выказваецца на дзяржаўным узроўні.