БТ не пакажа гасцявыя матчы БАТЭ і “Нафтана”
На час кваліфікацыйнага раўнда ЛЧ і ЛЕ нашае тэлебачанне мае правы паказваць толькі хатнія гульні беларускіх клубаў.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская:
“Гасцявыя матчы мы і не планавалі паказваць. На час кваліфікацыйнага раўнда ў нас права паказа хатніх гульняў”.
Такім чынам, па-за праграмай тэлеканала “Беларусь 2” апынуліся матчы “Вардар” ― БАТЭ і “Црвена звезда” ― “Нафтан”. Па словах Святланы Смалонскай-Краскоўскай, цяперашняя дамова на трансляцыі матчаў ЛЧ і ЛЕ датычыцца толькі кваліфікацыйнага раўнда турніраў.
"Пачынаючы з плэй-оф Лігі чэмпіёнаў мы будзем паказваць і хатнія, і гасцявыя матчы еўрапейскіх клубаў, не залежна ад таго, дойдзе БАТЭ да гэтай стадыі ці не. Раней так званы "базавы пакет" правоў на трансляцыі пачынаўся з групавога этапа ЛЧ. Але цяпер у яго ўваходзяць і матчы плэй-оф", ― удакладніў для Еўрарадыё намеснік дырэктара дырэкцыі спартовага вяшчання Белтэлерадыйкампаніі Дзяніс Дудзінскі.
Нагадаем, што гульня “Вардар” ― БАТЭ пройдзе заўтра ў Македоніі 25 ліпеня. “Нафтан” з белградскай “Црвенай звездай” сустрэнецца ў гасцях у чацвер 26 ліпеня.