БТ адказала на матэрыял Еўрарадыё пра трансляцыю матчаў БАТЭ
За трансляцыю гульні “Вардар” — БАТЭ македонцы прасілі мільён еўра? Гэта ў 300 разоў больш, чым яны мусілі заплаціць самі, — кажуць у Белтэлерадыёкампаніі.
Увечары 26 ліпеня Еўрарадыё атрымала з прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі ліст у адказ на матэрыял Змітра Кустоўскага “За трансляцыю матча "Вардар" — БАТЭ македонцы выставілі цэннік у мільён еўра”. БТ звярнула нашу ўвагу на тое, што каментар прадстаўнікоў кампаніі ў гэтым матэрыяле адсутнічае. Хаця якраз “да “вінаватага” у тэлевізійнай карцінцы (а ў дадзеным выпадку — яе адсутнасці)” і варта было б звярнуцца, зазначаецца ў лісце.
Пагаджаемся з гэтай заўвагай і размяшчаем на сайце афіцыйны адказ БТ на пытанне: чаму ўсё ж такі не была паказана гасцявая гульня БАТЭ супраць “Вардара”? Нагадаем, матч другога круга кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў праходзіў 25 ліпеня ў Скоп’е і скончыўся з лікам 0:0. Барысаўскаму клубу гэтага хапіла, каб прайсці далей, а македонцы вылецелі з ЛЧ.
“Македонскі тэлеканал МТВ не ўрэгуляваў фінансавыя і прававыя пытанні з ФК БАТЭ на паказ матча БАТЭ – “Вардар”, які адбыўся 18 ліпеня. Белтэлерадыёкампанія валодала правамі паказу гэтага матча толькі на тэрыторыі Беларусі. Македонскаму боку неабходна было набыць правы ў ФК БАТЭ, пасля чаго Белтэлерадыёкампанія атрымала б правы на міжнародную трансляцыю. Адзначым, што адмыслова для гэтага матча наша кампанія зарэзервавала ПТС [перасоўная тэлевізійная станцыя. – Еўрарадыё], каб “перакінуць” карцінку на спадарожнік. Але афіцыйнага пацвярджэння, што ўсе пытанні ўрэгуляваныя, ад македонскіх калег мы так і не дачакаліся.
Дарэчы, правы на трансляцыю, якімі валодае ФК БАТЭ, і тэхнічныя паслугі па перадачы сігналу, якія забяспечвала б Белтэлерадыёкампанія, каштавалі б македонскім тэлевізійшчыкам амаль у 300 разоў менш за “цэннік”, агучаны ў матэрыяле Еўрарадыё і нібыта выстаўлены македонскім тэлеканалам беларускаму боку. Насамрэч, ніякіх афіцыйных прапановаў ад тэлеканала МТВ Белтэлерадыёкампанія не атрымлівала.
Ну а сума ў мільён еўра несупастаўная нават з такімі спартовымі падзеямі, як Еўра-2012 ці Алімпіяда ў Лондане.
Таксама звяртаем вашую ўвагу, што трансляцыю матчаў футбольнага клуба “Нафтан” ажыццяўляе тэлеканал СТВ, які не ўваходзіць у структуру нашага медыя-холдынга”.
Фота: sports.ru.