Брытанскі амбасадар ― амбасадару Бразіліі: Прабач, я заўзею за беларусаў!
На прыёме ў гонар адкрыцця Алімпіяды брытанскі дыпламат тактоўна папярэдзіў бразільскага калегу, што іх спартовыя сімпатыі разыходзяцца.
Бразільскі амбасадар на Бруса Бакнэла не пакрыўдзіўся. Але, у сваю чаргу, адзначыў, што будзе заўзець за бразільцаў.
Беларусь і Бразілія гуляюць у адной групе алімпійскага футбольнага турніра. Першыя матчы абедзве каманды выйгралі: нашы ― у зборнай Новай Зеландыі (1:0), бразільцы ― у зборнай Егіпта (3:2). Паміж сабой Беларусь і Бразілія гуляюць 29 ліпеня ў 17:00 па беларускім часе.
Напярэдадні гульні беларусы і бразільцы нават разам схадзілі ў джакузі ў манчэстэрскім гатэлі, дзе жывуць усе 4 зборныя з групы С.
Бразілец Неймар і беларус Брэсан сфатаграфаваліся разам у гатэлі
Беларусаў і бразільцаў не адрозніць!
Паглядзець на адкрыццё Алімпійскіх гульняў да брытанскага амбасадара Бруса Бакнэла і яго жонкі Генрыеты прыйшлі таксама Аляксандр Глеб і Настасся Касянкова. Карэспандэнт Еўрарадыё пільна сачыў за футбалістам, але той не дазволіў сабе ні грама алкагольных напояў. А ў нефармальнай размове распавёў, што шмат працуе, каб выйсці на пік формы цягам бліжэйшых дзён і дапамагчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. Што праўда, у беларускім чэмпіянаце Глеб пакуль што гуляць не плануе.
Фота: "Прессбол".