Больш за палову дэпутатаў ідуць... на пенсію?
Толькі памер сваёй пенсіі дэпутаты не ведаюць, а былыя — не кажуць.
Еўрарадыё падлічыла: у пакуль яшчэ дзеючым складзе Палаты прадстаўнікоў 58 пенсіянераў ці тых, хто стане імі праз некалькі месяцаў. Гэта больш за палову! 9 дэпутатам да заслужанага адпачынку застаўся 1 год, яшчэ 43 — больш за год.
Як вядома, заробак парламентара прыраўноўваецца да заробку міністра. На сёння гэта каля 800 долараў. Дэпутату Уладзіміру Маёраву 60 гадоў спаўняецца праз некалькі месяцаў. На новы тэрмін ён не ідзе — можна спакойна ісці на заслужаны адпачынак. Але з якой пенсіяй?
Уладзімір Маёраў: “Шчыра — не ведаю! Калі б я сказаў, што не цікавіўся, то вы б мне не паверылі, сказалі, што я хлус: гэта любога чалавека нармальнага цікавіць. Цікаўлюся, безумоўна, і я. Але ў нас так званая пенсія залежыць ад заробку. І яна ў любы момант можа змяніцца, таму хлусіць вам не буду, кажу шчыра: я не ведаю”.
І дадае, што на пенсію не збіраецца — будзе працягваць працаваць. Як і яго калега Анатоль Глаз. Ён ужо амаль 8 месяцаў пенсіянер, але без міністэрскай пенсіі.
Анатоль Глаз: “Я пакуль атрымліваю пенсію 1 мільён і 200 тысяч рублёў. І гэта пенсія — па ўзросце. Яна мне выплачваецца, пакуль я працую. А калі не буду працаваць — тады пагляджу, якая будзе”.
Ужо пенсіянерам прыйшла ў парламент Валянціна Лузіна. Пенсію ёй налічвалі па старым месцы працы — у райвыканкаме, дзе яна была намеснікам старшыні па сацыяльных пытаннях. Больш дэпутатам жанчына быць не хоча, як і ўладкоўвацца на працу. Але і дэпутацкай пенсіяй, гавораць, не цікавілася.
Валянціна Лузіна: “Што я буду атрымліваць, як я буду атрымліваць — пакуль не цікавілася”.
Працаваць і пасля сыхода з парламента будуць пенсіянеры Ларыса Вершаловіч і Уладзімір Майсюк.
Дэпутат Анатоль Глаз лічыць, што чыноўнікам, якія працуюць, трэба плаціць пенсію па поўнай, як, напрыклад, плацяць міліцыянерам.
Анатоль Глаз: “Калі б я працаваў, да прыкладу, у органах міліцыі, служыў у арміі ці МНС, ці ў КДБ, то пасля выхаду на пенсію мне б плацілі поўную пенсію і тое, што я атрымаў бы за працу. А дзяржаўныя служачыя, калі яны працуюць, атрымліваюць толькі мінімум пенсіі па ўзросце. Астатняе ім не плацяць. А гэта, напэўна, не зусім правільна”.
Каб даведацца, якую пенсію атрымліваюць народныя абраннікі, Еўрарадыё звярнулася да дэпутата мінулага склікання Ганны Буравай. Але яна толькі давяла, што ў яе мужа, які дэпутатам не быў, пенсія нават большая.
Дарэчы, з працаўладкаваннем у пенсіянераў з дэпутацкім мінулым праблемаў не будзе. Днямі кіраўнік краіны загадаў губернатарам паклапаціцца. І як прызнаўся Еўрарадыё дэпутат Уладзімір Маёраў, у яго ўжо была сустрэча са сваім губернатарам, цягам двух тыдняў прапануюць працу. Адное праблема: скрайні ўзрост чыноўніка — 65 гадоў. А то працаваць і працаваць...