Беларускія кантрабандысты-“мільянеры” на суд ва Украіну не з’явіліся

У выніку, папярэдняе рашэнне Любомльскага раённага суда засталося нязменным. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе пракуратуры Луцка.

Пракуратура Луцка: “Іх чакалі паўгадзіны, улічваючы тое, што яны былі папярэджаныя, але іх па месцы пражывання ў Беларусі ніхто не можа знайсці. Ні па іх месцы пражывання, ні па месцы пражывання іх родных. Не дачакаўшыся, справу разгледзелі — пакінулі ў сіле папярэдняе рашэнне суда. І яны па-ранейшаму мусяць выплаціць штраф. Праўда, прававых механізмаў для спагнання з іх гэтага штрафу не маем”.

Нагадаем, 19 снежня памежнікі Луцкага атрада затрымалі двух беларусаў, якія спрабавалі незаконна перайсці ўкраінска-беларускую мяжу. Кантрабандысты ішлі ў бок беларускай вёскі Макраны і неслі з сабой 2 мільёны 400 тысяч долараў.

20 снежня парушальнікаў асудзілі на 10 сутак за спробу незаконнага пераходу мяжы. А 29 студзеня суд прыняў рашэнне канфіскаваць усе кантрабандныя долары і наклаў на кантрабандыстаў штраф яшчэ на такую ж суму.

Фота — 1tv.ru