Беларускім банкам прапануюць 1 долар па 3 тысячы 800 рублёў

Долары ў беларускіх абменніках знайсці можна, хаця і не паўсюль. Прадаюць іх вельмі неахвотна: невялікімі сумамі, дробнымі купюрамі. Часта, здаўшы амерыканскую валюту, даводзіцца чуць, як касірка кажа наступнаму чалавеку з чаргі: “Долараў у абменніку няма!”

Думаць, што валюту апошнімі днямі размялі людзі, няправільна. Праблема глыбей: каб пакласці долары ў свае абменнікі, банкі мусяць іх недзе купіць. Найперш яны звярталіся па замежныя грошы на “Беларускую валютна-фондавую біржу”. У сакавіку ў біржавых таргах удзельнічала да 28 банкаў, а аб’ём здзелак за дзень дасягаў 73 мільёнаў долараў.

“Сёння [16 сакавіка. — Заўв. Еўрарадыё] вынікі таргоў на біржы наступныя: попыт — нуль! — заўважае незалежны аналітык Сяргей Чалы. — Іншымі словамі, Нацбанк не выпусціў на біржу ніводную замову на пакупку валюты”.


Пры гэтым на продаж на біржы было выстаўлена каля 7,5 мільёнаў долараў. Тое самае — 17 сакавіка. Па словах Сяргея Чалага, усе гэтыя грошы набыў Нацбанк:

“Калі на таргах прысутнічае толькі адзін бок — дысбаланс попыту і прапановы закрывае Нацбанк. Нейкі валютны прыбытак нехта прадаваў. Паколькі ніводную камерцыйную замову Нацбанк не задаволіў — ён гэтыя долары і набыў”.

У гэтай сітуацыі банкі пачалі шукаць валюту па-за біржай. А знайсці яе можна хіба што на рахунках арганізацый, якія прадаюць сваю прадукцыю за межы Беларусі. Але высветлілася, што прадаваць безнаяўныя долары ніхто не спяшаецца нават па курсе ў 3300 рублёў за долар!

Сяргей Чалы: “Кампаніі сядзяць на валюце. Яны ж разумеюць, што ў сітуацыі, калі на біржы абмежаванне ў 30 дзён, яны сваю валюту назад могуць і не атрымаць. А калі нават і атрымаюць, дык пытанне — па якім курсе? Дык навошта яны тады будуць яе прадаваць, калі ёсць рызыка не атрымаць яе назад? У выніку банкі ўжо гатовыя пакупаць долары па 3200-3300 рублёў. Але ніхто не прадае!”

Набыць долары за рублі па безнаяўным разліку беларускія банкі маглі б, напрыклад, у Латвіі. Але прыбалты вельмі хутка зарыентаваліся ў сітуацыі. Як толькі Нацбанк увёў 30-дзённую замову на пакупку валюты на біржы замест замовы на наступны дзень, курс беларускага рубля ўпаў на 16% — з 3190 да 3800 за долар.

Сяргей Чалы: “15 сакавіка стаялі курсы 3120/3190 безнаяўнага рубля да безнаяўнага долара. А 16 сакавіка банк Rietumu ставіць 3100 пакупка, 3800 продаж”.


Відаць, долар па 3800 рублёў попыту не знайшоў. Таму 17 сакавіка Rietumu зменшыў апетыты і папрасіў за долар 3450 рублёў. Але нават калі беларускія банкі будуць вымушаныя набываць амерыканскую валюту па такім курсе — у абменніках яна дакладна не з’явіцца. Бо прадаваць насельніцтву гэтыя долары па 3080 рублёў (а менавіта такі 17 сакавіка максімальны курс USD да BYR ў Мінску) будзе надта невыгадна.

“Паралізавалі ўсе рынкі”, — робіць выснову Сяргей Чалы. Дэфіцыт валюты ў бліжэйшы час можа адбіцца не толькі на гандлі ў абменніках, але і на імпарце фруктаў, рыбы, будаўнічых матэрыялаў.

Скрын-шоты: Еўрарадыё.

Фота: www.kstati.by.