Беларускіх кантрабандыстаў аштрафавалі на 2,4 мільёна долараў

130117_lukashuk_kontra.mp3

Не паспелі двое грамадзян Беларусі адседзець 10 сутак за спробу нелегальнага пераходу 19 снежня 2012 года ўкраінска-беларускай мяжы, як ізноў патрапілі ў суд. Дзе вырашалася пытанне, як іх пакараць за кантрабанду 2,4 мільёна долараў.


“Абодва чалавекі былі прызнаныя вінаватымі ў гэтым правапарушэнні, валюта, якую яны спрабавалі незаконна перамясціць праз мяжу, судом канфіскаваная. Апроч таго, судом на парушальнікаў было накладзена пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 19 мільёнаў 99 тысяч 200 грыўняў — гэта 100% ад той сумы, якую яны спрабавалі перамясціць праз мяжу”, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар пракуратуры Валынскай вобласці.


Нагадаю, 19 снежня памежнікі Луцкага атрада затрымалі двух беларусаў, якія спрабавалі незаконна перайсці ўкраінска-беларускую мяжу. Кантрабандысты ішлі ў бок беларускай вёскі Макраны і неслі з сабой 2,4 мільёна долараў. Паводле слоў прэс-афіцэра Луцкага атрада памежнікаў Алега Лічкоўскага, яны былі апранутыя ў белыя маскіровачныя халаты, у куртках мелі спецыяльна прышытыя кішэні. 20 снежня парушальнікаў асудзілі за спробу незаконнага пераходу мяжы.


Паводле слоў выканаўцы абавязкаў старшыні Любомльскага раённага суда, дзе судзілі беларусаў-кантрабандыстаў, Сцяпана Чышыя, зараз разглядаецца апеляцыя на пастанову суда і таму яно пакуль не мае законнай сілы. Калі ж прысуд застанецца нязменным, то справу перададуць судовым выканаўцам. Якія і будуць спаганяць з кантрабандыстаў 2,4 мільёна долараў штрафу.


Але кіраўнік аддзела дзяржаўнай выканаўчай службы Любомльскага раённага ўпраўлення юстыцыі не хавае расчаравання —найхутчэй, беларусам удасца пазбегнуць выплаты штрафу.


“Калі ў іх няма ва Украіне маёмасці, то мы не зможам спагнаць з іх грошы”, — тлумачыць суразмоўца Еўрарадыё.


І нават варыянт з дапамогай беларускіх калег, на які спадзяецца выканаўца абавязкаў старшыні Любомльскага раённага суда, не “пракаціць”. Як варыянт атрымання Украінай дадатковых 2,4 мільёна долараў, ён прапаноўвае накіраваць рашэнне Любомльскага суда ў суд па месцы жыхарства беларускіх кантрабандыстаў, а там ужо хай з іх грошы спаганяюць. На карысць украінскага бюджэту.


“У нас адсутнічаюць неабходныя міжнародныя пагадненні, ці, да прыкладу, прававое пагадненне з Беларуссю (Пагадненне аб прававой дапамозе. — заўв. Еўрарадыё) пра спагнанне такіх штрафаў”, — тлумачыць старшыня аддзела судовых выканаўцаў. І прапаноўвае ў такім выпадку замяніць выплату штрафа на пазбаўленне волі. Тут ужо пярэчыць прадстаўнік судовай улады.


“Гэта немагчыма — заканадаўствам такое не прадугледжана”.


Як стала вядома Еўрарадыё, адразу пасля суда, а 18-й гадзіне 29 снежня, беларусаў вызвалілі, а ўжо а 19-й гадзіне яны выехалі з краіны дахаты. Але мусяць вярнуцца ў Любомльскі суд напрыканцы студзеня на разгляд апеляцыі.


Пакуль прозвішчы беларускіх кантрабандыстаў ні ў судзе, ні ў пракуратуры Еўрарадыё не называюць. Нават не кажуць, у якім рэгіёне Беларусі яны жывуць.