Беларускі футбол: “Малюсачна-вустрычная” тактыка, ці прарыў?

Расійскі каментатар Васіль Уткін, прагледзеўшы матч Беларусь-Егіпет, называе асаблівасцю нашых каманд “малюсачна-вустрычную” тактыку. Гэта калі футбалісты закрываюцца ў абароне.

Але той жа футбольны клуб “Гомель” у хатнім матчы з “Ліверпулем” напорліва ішоў наперад. 

Дазваніўшыся да Васіля Уткіна ў Лондан, новых каментарыяў ад тэлевізійшчыка мы не атрымалі. Ён толькі пацвердзіў свае ранейшыя развагі.

Што ж наконт фірмовага знаку нашых каманд думаюць беларускія эксперты?

Футбольны рэдактар партала goals.by Максім Беразінскі лічыць, што пра “фірму” можна казаць хіба ў дачыненні да барысаўскага “БАТЭ”. У іншых каманд папросту няма мэтаў.

Максім Беразінскі: “Я не разумею, чым каманды займаюцца ў Еўракубках. У іх, па-першае, няма мэты туды патрапіць, па-другое, яны не разумеюць, навошта там быць. ФК “Гомель” на гэтым фоне трошкі выдзяляецца. Ёсць граматны кіраўнік і граматны галоўны трэнер, якія могуць збудаваць гульню і хаця б нейкія задачы паставіць перад клубам. І дабівацца іх”.

Старшыня праўлення ФК “БАТЭ” Анатоль Капскі здолеў стварыць дружыну, якая сёння здольная біцца з міжнароднымі грандамі. Наконт развіцця беларускага футбола і нейкіх асаблівых фішак, якімі вылучаюцца нашы каманды, эксперт мысліць прагматычна.

Анатоль Капскі: “Пра футбол можна казаць як пра сур’ёзную гаспадарку. А наконт фішкі, то ў кожнай каманды яна можа быць свая. Але ў цэлым пра футбол так казаць няправільна”.

Беларускі трэнер і колішні чэмпіён СССР па футболе Юрый Пудышаў лічыць фірмовым знакам беларускага футбола – фінансавую нястачу.

Юрый Пудышаў: “Пэўны рух, безумоўна, ёсць. Паглядзі на нашы клубы. “Нафтан”, я лічу, нармальна выступіў (наваполацкая каманда забіла шэсць галоў сербскай “Црвэнай Звэздзе”, але ў наступны раўнд не прайшла, -- Еўрарадыё). Зборная наша таксама годна з усімі гуляла, толькі з егіпцянамі здарыўся. Тое ж “БАТЭ” ужо колькі гадоў паспяхова гуляе.

Укладалі б грошы ў футбол у гэты беларускі, было б усё выдатна, не горш, чым у Расіі, было б. А так усе ж з’язджаюць, тут жа галота страшная. Футбол кудысьці адышоў, а гэта ж гульня нумар адзін. Не толькі ў свеце, але і ў Беларусі. Так і напішы”.

Вядомы беларускі спартовы каментатар Сяргей Новікаў не цешыцца адважнай гульнёй “Гомеля” супраць “Ліверпуля”. А з фірмовых знакаў беларускага футбола называе незапоўненыя трыбуны.

Сяргей Новікаў: “Прыклады, як “Гомель”, гэта не тэндэнцыя. “Гомелю” яшчэ трэба пацвердзіць тое, што мы бачылі. “БАТЭ” – будзем лічыць, што гэта выключэнне з правілаў. 2000 гледачоў у сярэднім на матчах чэмпіянату Беларусі – гэта прысуд”.

Што трэба змяніць у нашым футболе, каб у ім з’явіўся фірмовы почырк? Сяргей Новікаў называе галоўную, на яго погляд, праблему.

Сяргей Новікаў: “Прыходзяць раз-пораз да кіраўніцтва футболам непрафесіяналы, якія марудзяць час. Страчваюць яго на тое, каб увайсці ў курс справы, навучыцца чамусьці. І як толькі яны гэтымі спецыялістамі становяцца, напрыклад, Фёдараў, напрыклад, Нявыглас, як толькі нібыта ў іх пачынае нешта атрымоўвацца, яны ідуць са сваіх пасадаў. Прыходзяць – такія ж самыя невукі”.