Барацьба за Віку Мароз. Як жыла дзяўчынка, разлучаная з італьянскай сям'ёй

Яна цяпер жыве разам са мной. Адчувае сябе нармальна, камфортна. Навучаецца ў школе, пераходзіць у дзявяты клас”, — гаворыць Аляксандр Мароз, брат Вікі, якога днямі адшукала Еўрарадыё.

Міжнародны скандал з удзелам 10-гадовай беларускай сіраты здарыўся каля шасці гадоў таму ў Італіі.

Віка некалькі разоў прыязджала ў замежную сям’ю Джуста-Барначын.  А адпачыўшы ў Італіі, вярталася на радзіму.

Але ў 2006-м годзе Віка не вярнулася. Яе замежныя "бацькі", Алясандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын, назвалі прычыну: паводле іх слоў, на целе дзяўчынкі былі пабоі, і адпраўляць сірату назад у інтэрнат яны пабаяліся.

Віку хавалі ў замку XI стагоддзя. А калі дзяўчынку знайшлі, на яе італьянскіх бацькоў завялі крымінальную справу.

Пасля ўмяшання ў сітуацыю беларускага амбасадара і праваахоўных органаў сірату перавезлі назад у Беларусь. Жорсткай адказнасці італьянскія бацькі ў выніку не панеслі. А Віка яшчэ доўга прасілася зноўку паляцець да іх у Італію.  

У выніку дзяўчынку ўзялі да сябе прыёмныя бацькі роднага брата — Алена і Сяргей Васілеўскія.

З тае пары мінула каля шасці гадоў.

Яна аднавілася. Усё нармальна. Табліцу памнажэння ведае. Калі прыехала, нават табліцы не ведала. А зараз усё нармальна, разумная, стараецца вучыцца”, — распавядае брат Аляксандр.

Еўрарадыё: А кім Віка хоча быць?

Аляксандр Мароз: "Спачатку хацела быць ветэрынарам. Потым гэта прайшло".

 

Віцы ўжо 16. Яна навучаецца ў сярэдняй школе №9 Жодзіна. Адзін год дзяўчынцы давялося прапусціць з-за праблемаў з вымаўленнем. Але потым гэта наладзілася. Улюбёнае хобі дзяўчыны — язда на веласіпедзе.

Згодна са словамі Аляксандра, іх з Вікай прыёмныя бацькі — “вельмі добрыя людзі”. Яны ўсяляк спрыялі, каб дзяўчынка магла сустрэцца з італьянскай сям’ёй. Але з Беларусі Віку не выпускалі нават у суправаджэнні прыёмнай мамы Алены Васілевіч.

Аднойчы яны збіраліся выляцець у Італію самалётам, — кажа Аляксандр. — Але ў аэрапорце сказалі, што не хапае дакументаў. Мая маці прыёмная ўжо шмат разоў займалася афармленнем дакументаў і не магла нічога прапусціць”.


Еўрарадыё: А ці сама Віка захоча ехаць у госці да сям'і Джуста-Барначын? Усё ж столькі часу мінула.

Аляксандр Мароз: "Хоча, канешне, чакае васямнаццацігоддзя. Там ужо ніхто яе не спыніць".

Еўрарадыё: А як Віка пераносіла тое, што пабачыцца з італьянскай сям'ёй немагчыма?

Аляксандр Мароз: "Натуральна, шкада, што яна іх не бачыць. Але Віка не плакала. Напэўна, трымала ўсё ў сабе".