Барадулін прапусціць дзень народзінаў Караткевіча
З-за дрэннага самаадчування.
26 лістапада ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна пройдзе прэзентацыі аўдыёкніг славутага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. На распаўсюджанай у інтэрнэце афішы мерапрыемства пазначана, што ў ім бяруць удзел Рыгор Барадулін, Лявон Вольскі, Уладзімір Арлоў.
Арганізатары імпрэзы абяцалі прывезці народнага паэта Беларусі 77-гадовага Рыгора Барадуліна на мерапрыемства, але сёння паэт прызнаўся Еўрарадыё, што нават на машыне не здольны будзе прысутнічаць. "Не магу хадзіць", — кажа Рыгор Барадулін.
Па словах Алеся, аднаго з арганізатараў імпрэзы, выхад Барадуліна да мікрафона і не планаваўся:
"Сапраўды, ягоны ўдзел, як чалавека, які будзе штосьці прамаўляць пра Караткевіча, і не планаваўся. Ён меўся быць проста як сябар Караткевіча. Мы планавалі яго прывезці з усёй пашанаю і павагаю. На жаль ён цяпер, вы ведаеце, у якім стане".
Як даведалася Еўрарадыё, арганізатары рыхтавалі для народнага паэта адмысловы падарунак. Да таго ж, падарунак Рыгору Барадуліну хацеў зрабіць вядомы саксафаніст Павел Аракелян.
