Балота, адноўленае за грошы ПРААН, хочуць зноў асушыць
Эколагі супраць, а торфазаводу трэба выконваць дзяржпраграму па развіцці мясцовых відаў паліва.
"Задача дзяржавы — развіццё мясцовых відаў паліва, а тут гэтыя хлопцы хочуць выставіць нас незразумела кім, што мы варвары нейкія", — тлумачыць сваю пазіцыю дырэктар Лідскага торфабрыкетнага завода Іван Залескі.
Калі Беларусь прасіла ў міжнародных арганізацый 1,5 мільёна долараў на праект, у які ўваходзіла аднаўленне балота Дакудаўскае, пытання аб развіцці мясцовых відаў паліва і здабычы торфу не стаяла. Тады дырэктар завода не быў супраць і праект прайшоў усе ўзгадненні ва ўрадзе. Але нечакана Саўмін выдае пастанову: асушыць балота і пачаць здабычу торфу.
"Урад вызначыў яго як перспектыўнае радовішча. Калі гэтага будзе патрабаваць эканоміка, будуць задзейнічаныя новыя плошчы. Тым не менш Мінпрыроды шукае новыя варыянты для прадпрыемства, магчымасць перапрафілявання", — гавораць у Мінпрыроды.
Там цяпер шукаюць іншыя радовішчы, вядуць перамовы з заводам. Бо, каб адмяніць рашэнне Саўміна, патрэбна згода прадпрыемства. Але для торфазавода гэта пытанне балючае: патрэбна сыравіна — інакш давядзецца зачыняцца і звальняць людзей.
"Мы не прэтэндуем на ўвесь заказнік. Нам патрэбна толькі 300 гектараў, і больш мы нічога не будзем прасіць. Мы маглі б разглядзець, колькі яны могуць даць, каб не паўплываць на гэтае верхавое балота. Мы прапаноўвалі, што пасля адводу нашага ўчастку можам зрабіць інжынерныя збудаванні, каб захаваць водны баланс", — распавядае Іван Залескі.
Агульная плошча балота складае 2 тысячы гектараў, таму 300 гектараў — не так мала. Але ж торф неўзабаве скончыцца і на гэтых 300 гектарах, і пытанне паўстане ізноў. Мінпрыроды даводзіць сваю пазіцыю: выкарыстоўваць торф як паліва не рацыянальна. Але ад іншых дзяржаўных органаў чуе папрокі за тое, што адстойвае балота, адноўленае на міжнародныя грошы.
"Пытанне ж не ў гэтым, а ў іміджу Беларусі і ў захаванні ўнікальных тэрыторый. Нельга рабіць галоўны акцэнт на міжнароднай тэхнічнай дапамозе. Але гэта немалаважны фактар. Калі сродкі ўкладзеныя, то мы павінны быць паслядоўнымі ў сваіх рашэннях".
Сапраўды, такое рашэнне Саўміна выглядае нелагічным. Спачатку Беларусь просіць грошы ў міжнародных арганізацый на аднаўленне асушанага балота, а цяпер хоча яго зноў асушыць.
"Вы ведаеце, што ў нас многія ведамствы адно з адным не заўсёды ўсё ўзгадняюць у час. Нават няма сістэмы, — кажа Аляксандр Казулін, навуковы каардынатар праекту. Але прычыну ён бачыць у іншым.
"Там верхавы торф. На тое, каб рабіць брыкет, ён не прыдатны. А гэты торф будуць прадаваць за мяжу, проста як сыравіну для цяпліц, як грунт, а пад гэтую марку атрымоўваюць яшчэ субсідыі ад дзяржавы ў межах праграмы "Торф". У Еўропе не хочуць здабываць свой торф. Усе ад гэтага адмовіліся, тая ж Літва. Таму бізнес па продажы торфу ідзе сюды. Тут купіць за бясцэнак і прадаць у 3 разы даражэй за мяжу".
Кіраўнік завода, між іншым, абураецца крытыцы — маўляў, яшчэ раней за праект ПРААН сваімі сіламі затапілі 4,5 тысячы гектараў. А ПРААН з-за канфлікту можа прыпыніць фінансаванне іншых праектаў.
Фота: photoclub.by