Асуджаных за пікет грамадзян Германіі і Польшчы дэпартуюць

Пакараныя 26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска штрафамі грамадзяне Германіі Юльяна Грынец, Андрэас Шэлхас, Яніна Ролік, Гвідэ Хансэн, Ян Хендрык Кроп, Катрын Хайнрых і грамадзянка Польшчы Дарота Кубашэўска пасля суда былі ізноў дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе правялі другую ноч.

Як стала вядома праваабарончаму цэнтру "Вясна", сёння будзе вынесенае рашэнне аб іх дэпартацыі і забароне ўезду ў Беларусь на пэўны тэрмін. Верагодна ўвечары іх пад канвоем даставяць на чыгуначны вакзал і пасадзяць на цягнік да Варшавы.

Нагадаем, што 25 красавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі 12 ўдзельнікаў пікету супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакаралі штрафамі ў памеры да 700 тысяч рублёў.