Андрэй Юраў мае намер абараняць правы расіянаў у Беларусі праз ААН і АБСЕ
Расійскі праваабаронца Андрэй Юраў запатрабаваў ад уладаў Расіі не пакідаць без увагі існаванне ў Беларусі спісу неўязных расіянаў.
Юраў быў затрыманы ў Мінску ў аўторак, у чацвер КДБ Беларусі абавязаў яго цягам сутак пакінуць краіну. Пры гэтым Юраў пацвердзіў, што ён, паводле супрацоўнікаў беларускай міліцыі, знаходзіцца ў спісе грамадзянаў, чыя прысутнасць у Беларусі непажаданая.
"Пытанне (існавання спісу) будзе падымацца на савеце па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі. Калі ў гэтым спісе ёсць яшчэ грамадзяне РФ, то з гэтым штосьці трэба рабіць", — сказаў Юраў на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Мінску.
"Гэта адкрытая дэманстрацыя таго, што пры абсалютна празрыстай беларуска-расійскай мяжы, дзе нават не ажыццяўляецца пашпартны кантроль, існуюць нейкія спісы неўязных. Калі ўлады Расіі сябе паважаюць, яны не мусяць гэта проста так пакінуць", — сказаў праваабаронца.
Згодна са словамі Юрава, яму патлумачылі, што ён знаходзіцца ў спісе неўязных з 4 сакавіка гэтага года. Асаблівае абурэнне Юрава выклікаў той факт, што гэты спіс не публічны.
"Немагчыма хутка, легальна і эфектыўна гэта апратэставаць, бо незразумела, што за спіс і хто ў яго ўносіць", — сказаў ён.
Праваабаронца таксама заявіў, што мае намер задзейнічаць усе прававыя механізмы, каб апратэставаць знаходжанне расійскіх грамадзянаў у гэтым спісе. Ён абяцае дзейнічаць не толькі праз МЗС Расіі, але і звярнуцца ў ААН і АБСЕ, перадае РІА "Новости".