Ахова метра мяжы з ЕС каштуе каля 5 долараў у месяц

У той жа час матэрыяльна-тэхнічная дапамога Еўрасаюза беларускім памежным службам агулам за 10 гадоў супрацоўніцтва склала 25 цэнтаў у месяц на метр мяжы.

“У нас прыблізна 120-130 мільёнаў долараў (на год. — Еўрарадыё) ідзе з бюджэту на ахову мяжы. Раскладзіце гэта “метр у месяц” — і атрымаеце каля 4-5 долараў у месяц на метр мяжы з беларускага бюджэту. Так, ёсць пытанні матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі (з боку Еўрасаюза. — Еўрарадыё). Але калі палічыць за апошнія 10 гадоў — гэта таксама афіцыйна апублікаваныя даныя — 50 мільёнаў за апошнія 10 гадоў. Палічыце: 1250 кіламетраў еўрапейскай мяжы на гэтую суму — 25 цэнтаў у месяц метр”, — падлічвае кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Па яго словах, штогод памежнікі і супрацоўнікі МУС выяўляюць і заварочваюць ад еўрасаюзаўскай мяжы каля 30 тысяч патэнцыйных нелегалаў і затрымліваюць некалькі соцень непасрэдных парушальнікаў мяжы. Суразмоўца Еўрарадыё пацвярджае словы амбасадара Польшчы Лешака Шарэпкі пра тое, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць нелегалаў, што ідуць у ЕС з боку Беларусі, павялічылася амаль у 10 разоў. Але, кажа Цішчанка, такое развіццё сітуацыі яны спрагназавалі яшчэ ў 2008 годзе і абменьваліся гэтай інфармацыяй з замежнымі калегамі.

Нагадаем, падчас прэс-канферэнцыі 14 лістапада амбасадар Польшчы заявіў, што па інфармацыі польскіх памежнікаў колькасць нелегальных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы павялічылася ў 10 разоў. Абмеркаваць гэтую сітуацыю дыпламат яшчэ два месяцы таму прапанаваў старшыні беларускага Памежнага камітэта Аляксандру Баечку. Але той на зварот Шарэпкі так і не адказаў.


Фота — courier-pskov.ru