Адмыслоўцы: Усё менш людзей хочуць прымаць у сябе “чарнобыльскіх” дзяцей
Замежнікі абмяркоўваюць у Мінску, як адрадзіць цікаўнасць да чарнобыльскіх праектаў, а беларускія чыноўнікі прапануюць інвеставаць у “зону”.
Спроба ўдзельнікаў міжнароднай партнёрскай канферэнцыі “25 гадоў пасля Чарнобыля” вызначыцца з планамі сваёй працы на будучыню нечакана перарасла ў абмеркаванне магчымасці супрацы грамадскіх ініцыятыў і дзяржавы ды ў спрэчку наконт мэтазгоднасці пабудовы Астравецкай АЭС.

Першым тэму дзейнасці чарнобыльскіх ініцыятыў у нашай краіне закрануў амбасадар Нямеччыны Крыстаф Вайль. Па яго словах, чарнобыльскія ініцыятывы могуць існаваць толькі тады, калі беларускія ўлады іх падтрымліваюць і пазітыўна ўспрымаюць. І выказаў надзею, што такую падтрымку яны будуць мець у будучыні.
Тэму падхапіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі. І “падказаў”, у якім накірунку замежнікам лепш дзейнічаць, каб іх “пазітыўна” ўспрымалі.
Валерый Варанецкі: “Мяркую, што гэтая канферэнцыя можа паставіць перад сабой амбіцыйную задачу — выйсці на канкрэтныя праекты, якія рэалізуюцца на пацярпелых тэрыторыях і якія накіраваныя на іх устойлівае развіццё. А важным элементам устойлівага развіцця чарнобыльскіх тэрыторый з’яўляецца стварэнне рэнтабельных вытворчасцяў чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі. І якія б стымулявалі з’яўленне новых працоўных месцаў”.

Не адказваючы наўпрост на пажаданні беларускага чыноўніка, кіраўнік нямецкага фонду “Меркатор” Рудзігер Фрон нагадаў, што з 1990 па 2009 год за мяжой адпачылі каля 1 мільёна дзяцей з Беларусі па "чарнобыльскіх" праграмах. Без усялякай дапамогі нашай дзяржавы. А замест планаў на будучыню нечакана закрануў тэму атамнай энергетыкі.
Рудзігер Фрон: “Наш фонд выступае за справядлівую, чалавечую вытворчасць энергіі ў будучыні. Мы ўпэўненыя, што можна гэта забяспечыць, толькі калі адмовіцца ад выкарыстання ядзернай энергетыкі”.

Падтрымала калегу і дэпутат бундэстага, спікер партыі “зялёных” Бэрбель Хён.
Бэрбель Хён: “Будучыню можна ўладкаваць і без рызыкаў. Рыхтаваць энергетыку да працы на ўзнаўляльных крыніцах энергіі, эфектыўнага яе выкарыстання. Нямеччына можа гэта рабіць — і ў Беларусі таксама можна зрабіць гэта. Гэта лепш для клімату, лепш для навакольнага асяроддзя, менш рызыкі для здароўя і больш працоўных месцаў”.

Падхапіўшы размову, вядоўца сустрэчы доктар Астрыд Зам запытала ў сябра Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Аляксандра Шацько, ці абмяркоўвалі дэпутаты праблему атамнай энергетыкі пасля аварыі на японскай АЭС “Фукусіма-1. Той прызнаўся, што абмяркоўвалі. І вырашылі запрасіць японскіх дзяцей на аздараўленне ў Беларусь!
А ў размове з Еўрарадыё дэпутат дадаў, што адмаўляцца ад будаўніцтва Астравецкай АЭС Беларусь нават пасля японскай трагедыі не збіраецца.
Аляксандр Шацько: “Наша Астравецкая АЭС усё адно, у той ці іншай ступені, будзе. У Францыі больш за 30 атамных станцый, у Нямеччыне... І яны працягваюць будавацца. На вялікі жаль, пры павелічэнні спажывання, а гэта самы танны від энергіі, усё адно трэба нейкае паліва ўжываць. Аднымі ветракамі тэму не закрыеш”.

Што ж тычыцца далейшых планаў, то кансультант ініцыятывы “Фонд — Дапамога дзецям Расіі” Геерт Метселаар з Нідэрландаў заўважыў, што цікавасць яго суайчыннікаў да дзейнасці чарнобыльскіх фондаў змяншаецца, памяць пра гэтую трагедыю гасне і ўсё менш людзей хочуць прымаць у сябе “чарнобыльскіх” дзяцей. Як гэта змяніць, кажа, не вядома. Але параіў кінуць усе сілы і намаганні на тое, каб захаваць кантакты паміж тымі, хто на аздараўленне ездзіў, і тымі, хто за мяжой дзяцей з Беларусі, Украіны і Расіі прымаў.


А дэпутат Аляксандр Шацько ізноў вярнуўся да тэмы прыцягнення чарнобыльскіх “інвестыцый”. І прапанаваў заклікаць тых замежнікаў, хто мае такія сяброўскія сувязі з беларускімі дзецьмі, наладжваць у нашай краіне малы бізнэс. Вынік, кажа, ужо ёсць, але ёсць і пэўныя праблемы.
Аляксандр Шацько: “Вельмі яны баязлівыя: “А вось, калі мы туды прыедзем, нас не пасадзяць адразу, бо мы замежныя грамадзяне?” Нейкі псіхоз. Тыя, хто працаваў, — працуе, пашыраецца. Хто ведае Беларусь, быў тут, праз дзяцей, у асноўным, тыя прыязджаюць, ствараюць малы бізнэс”.
Канферэнцыя будзе працаваць у Мінску да 20 красавіка. Верагодна, што за гэтыя дні ўдзельнікі здолеюць знайсці магчымасць не толькі ўратаваць, але і даць новае жыццё чарнобыльскім праектам.
Фота: Змітра Лукашука