Ад чыноўнікаў запатрабуюць выкладаць у інтэрнэт інфармацыю пра сваю працу
Апроч той, якую Саўмін вызначыць як “для службовага карыстання”.
Адпаведныя праўкі дэпутатам прапанавана ўнесці ў Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарце і сувязі Дзмітрый Харытончык:
“У нас уся інфармацыя з’яўляецца агульнадаступнай. Ёсць толькі выключэнні. Вось, гэтыя выключэнні дакладна вызначаюцца ў гэтым законе — якая інфармацыя будзе адносіцца для службовага карыстання, так званага. І спіс такой інфармацыі будзе вызначаць Савет міністраў”.
Пакуль гэтага спісу ў дэпутатаў няма і працаваць над ім сумесна з Саўмінам яны не будуць. Што тычыцца зменаў у закон, якія пашыраюць інфармацыйную адкрытасць дзяржорганаў, то Харытончык назваў толькі адну прапанову — запатрабаваць, каб усе дзяржорганы абавязкова выкладалі на сваіх сайтах справаздачу аб выкананай цягам года працы.
Верагодна, чакаюць змены і супрацоўнікаў прэс-служб. Калі адпаведная праўка будзе зацверджаная, то прэс-службам… дазволяць прысутнічаць на нарадах дзяжорганаў! Але ў якой форме гэта будзе, дадае дэпутат, пакуль не вызначана — ідзе ўзгадненне “тэкстоўкі”.
Фота — sb.by