Аб рашэннях з’ездаў АГП і ПБНФ Мінюст даведаўся са СМІ
І вырашыў праверыць, ці сапраўды на з’ездах прымалі рашэнне зняць кандыдатаў з выбараў.
Міністэрства юстыцыі запатрабавала дакумента апошняга з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Як паведамляецца ў факсе Мінюста, чыноўнікі хочуць азнаёміцца з дакументамі аб зняцці кандыдатаў з выбараў. Як паведаміў Еўрарадыё лідар партыі Анатоль Лябедзька, АГП не абавязаная даваць Мінюсту справаздачу наконт свайго рашэння здымацца з выбараў.
Анатоль Лябедзька: “Мы дамо адказ, хоць закон ад нас гэтага і не патрабуе. А што там насамрэч... Відаць, Мінюст атрымаў нейкую дырэктыву ад рэальных арганізатараў гэтай кампаніі — з нечым гэта, натуральна, звязана”.
Лябедзька нагадаў, што АГП загадзя запрасіла прадстаўнікоў Мінюста наведаць партыйны з’езд 15 верасня. Праўда, нікога з прадстаўнікоў міністэрства ў гэты дзень на офісе партыі не было.
Але, як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве юстыцыі, ніякіх таемных планаў адносна АГП яны не выношваюць. І не хочуць, да прыкладу, пазбавіць партыю рэгістрацыі за тое, што яна, адмовіўшыся ад удзелу ў выбарах, ухіляецца ад палітычнай дзейнасці. Дакументы з’езда чыноўнікам патрэбныя для таго, каб... праверыць інфармацыю аб зняцці, якая з’явілася ў СМІ.
Мінюст: “Мы проста правяраем, наколькі праўдзіва тое, што ў сродках інфармацыі прагучала. Мы ж не можам цалкам давяраць таму, што... Нам патрэбныя дакументы. Тым больш, што заўтра пачынаецца галасаванне”.
Як стала вядома Еўрарадыё, сёння такі ж факс атрымала і кіраўніцтва Партыі БНФ.