20 гадоў таму ў СССР правалілася спроба дзяржаўнага перавароту

У склад Дзяржаўнай камісіі па надзвычайным становішчы, а менавіта так расшыфроўваецца расійская абрэвіатура ГКЧП, уваходзілі прадстаўнікі кансерватыўных колаў кіраўніцтва ЦК КПСС. Яны збіраласі адхіліць ад улады Гарбачова і згарнуць яго палітыку перабудовы. ГКЧП падтрымала частка генералаў з кіраўніцтва арміі. У выніку ў Маскву былі ўведзеныя войскі, аб’явілі надзвычайнае становішча тэрмінам 6 месяцаў, закрылі некаторыя СМІ. Адным з кіраўнікоў путчу стаў віцэ-прэзідэнт СССР Генадзь Янаеў.

Асноўнай мэтай ГКЧП было захаванне СССР. Прадугледжвалася падпісанне новай саюзнай дамовы, у выніку якой павінен быў паўстаць Саюз Савецкіх Суверэнных Рэспублік. Аднак ГКЧП правалілася. Супраціўленне путчыстам узначаліў кіраўнік РСФСР Барыс Ельцын. Ён заклікаў прыхільнікаў дэмакратыі і перамен выходзіць нав уліцы Масквы. Ельцына таксама падтрымала частка вайсковых кіраўнікоў. Праз некалькі дзён супрацьстаяння кіраўнікі ГКЧП былі арыштаваныя.

Варта адзначыць, што менавіта падзеі жніўня 1991 года сталі канчатковым штуршком да абвяшчэння незалежнасці ў большасці былых саюзных рэспублік. Сярод іх была і Беларусь.