1 жніўня Азаранка грае дзве гульні, а Герасіменя плыве кароннную дыстанцыю
На Алімпіядзе стартуюць яшчэ дзве беларускія штангісткі, раварыст Васіль Кірыенка і баксёр Сяргей Карнееў. А стралок Вікторыя Чайка атрымае апошні шанец.
Адразу дзве гульні сёння давядзецца вытрываць Вікторыі Азаранцы. Спачатку першая ракетка свету ў 1/8 фінала алімпійскага турніра памераецца сіламі з расіянкай Надзеяй Пятровай. А крыху пазней беларуская тэнісістка разам з Максам Мірным возьме ўдзел у першым крузе мікста. Іх сапернікамі будзе нямецкі дуэт Ангеліке Кербер / Філіп Петцшнар.
1 жніўня на сваёй кароннай дыстанцыі ― 100 метраў вольным стылем ― выступіць Аляксандра Герасіменя. У 2011 годзе яна ў гэтым відзе праграмы выйграла званне чэмпіёнкі свету. Шкада, што на Алімпіядзе ўсё пачынаецца з кваліфікацыі... Можна было б і адразу за медалём сплаваць.
У стральбе з малакалібернага пісталета выступіць Вікторыя Чайка. У беларускай спартоўкі ўжо ёсць даволі крыўднае 5-е месца Алімпіяды. Так што сёння ― добры шанец рэабілітавацца.
На рынг 1 жніўня выходзіць цяжкавагавік Сяргей Карнееў (вага да 91 кг). Ён будзе біцца з Хулія Касцілья Торэсам з Эквадора, якога ўпэўнена перамог на апошнім чэмпіянаце свету. Так што можна спадзявацца, што ў 1/4 беларус пройдзе. Але што будзе далей?
У гонцы з паасобным стартам выступіць наш раварыст Васіль Кірыенка. Кажуць, што ён добра разагнаўся на апошніх этапах "Тур дэ Франс". Сёння ў 16:45 паглядзім, што прынясе Кірыенку брытанская шаша.