Расійскі карыкатурыст Андрэй Більжо намаляваў Лукашэнку
Вядомы расійскі карыкатурыст Андрэй Більжо звярнуўся да Лукашэнкі. У карыкатурнай форме.
Андрэй Більжо піша ў блогу пад назовам “Беларусь без Лукашэнкі” на сайце grani.ru: “Я адчуваю даўнюю непрыязь да таварыша Лукашэнкі. Для мяне гэта такі брыдкі пэрсанаж з дзіцячых казак, які выклікае жах”.
Таму, калі да мастака звярнуліся “хлопцы з беларускай апазіцыі” з просьбай зрабіць некалькі паштовак у падтрымку палітвязняў, ён з задавальненнем пагадзіўся. “Мяне так пёрла, што замест адной або дзвюх я зрабіў больш за 10 паштовак”.
“Мне хацелася б адрадзіць ролю карыкатуры як зброі, баявога лістка. Я малюю карцінкі супраць Мацвіенкі і ў падтрымку групы “Вайна”. Хочацца, каб гэтыя малюнкі жылі, каб яны ператвараліся ў плакаты, стыкеры, паштоўкі — у падтрымку людзей, якія сутыкнуліся з абуральнай несправядлівасцю. Мару, каб мае паштоўкі паляцелі мільённымі тыражамі ў Беларусь і зваліліся гіганцкімі мяхамі да Лукашэнкі ў пярэднім пакоі, каб яны засыпалі ўвесь яго палац, як у казцы, каб з іх рабілі папяровыя самалёцікі і яны лёталі б у Мінску... Можа быць, тады б свет хоць трошкі раздумаўся”, — цытуе карыкатурыста “Наша Ніва”.








