Ракета з касетным боепрыпасам трапіла ў шматпавярховік ў Дняпры

Работа ратавальнікаў / @dsns_telegram
“Усю ноч Украіна знаходзілася пад масіраванай атакай Расіі,” — напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сацсетках. Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы ўжылі 40 ракет — крылатых і балістычных — і каля 580 дронаў розных тыпаў.
Пад ударам апынуліся дзевяць абласцей Украіны, дадаў Зяленскі — Дняпро і вобласць, Мікалаеўская, Чарнігаўская, Запарожская, абшчыны Палтаўскай, Кіеўскай, Адэскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
“У Дняпры зафіксавана прамое трапленне ракеты з касетным боепрыпасам у шматпавярховік,” — удакладніў прэзідэнт Украіны.

Паводле інфармацыі кіраўніка Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргея Лысака, у Дняпры 26 пацярпелых, 14 знаходзяцца ў бальніцы, астатнія будуць апраўляцца дома.
“У цяжкім стане 55-гадовы мужчына. У яго апёкі 70% цела. За яго жыццё змагаюцца медыкі,” — паведаміў Лысак.
Паводле слоў Зяленскага, вядома пра трох загінулых.
“Кожны такі ўдар — гэта не ваенная неабходнасць, а свядомая стратэгія Расіі — запалохваць мірных жыхароў і разбураць нашу інфраструктуру,” — напісаў прэзідэнт Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.