"Рада Макея" не можа ўдзельнічаць у форуме Ўсходняга Партнёрства

Прадстаўнікі грамадскага сектару дваіста успрынялі жаданне Кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта ўдзельнічаць у форуме Ўсходняга партнёрства. Рашэнне пра ўдзел у форуме грамадска-кансультацыйны савет прыняў на паседжанні 29 верасня. Прадстаўнікі грамадскага сектару падтрымліваюць такую ініцыятыву, але ўдзел у форуме тэхнічна  нерэальны для рады, якую ўзначальвае Ўладзімір Макей. Пра гэта Еўрарадыё распавёў каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці па Беларусі Ўладзіслаў Вялічка.

Вялічка: "Працэдура адбору ўдзельнікаў скончылася яшчэ ў ліпені. Тэхнічна гэта немагчыма.   Незразумела, у якім статусе прадстаўнікі савета туды могуць патрапіць. Бо статус сябраў грамадска-кансультацыйнага савету -  савет мудрацоў, які наўрад ці можа разглядацца, як прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасці. Гэта мажліва ў статусе назіральніка, але для гэтага трэба зрабіць шмат працы".

Сп.Вялічка адзначыў, што такая заява сведчыць пра зацікаўленасць дзяржавы ў грамадскім сектары. Між тым, ёсць шмат фактаў несупрацоўніцтва і ігнаравання грамадскай супольнасці, адзначыў каардынатар форуму.

Нагадаем, што 4 кастрычніка ў Страсбургу пачаўся форум міжнародных недзяржаўных арганізацый Савета Еўропы.