Птушкафабрыкі нясуць страты і лічаць, што кураціна павінна падаражаць удвая

Птушкафабрыкі па ўсёй Беларусі нясуць страты. Прычына палягае ў тым, што кошты на кураціну штучна захоўваюцца на леташнім ўзроўні, хаця вытворчасць курынага мяса за апошнія некалькі месяцаў істотна падаражэла.

“Прадпрыемствы пачынаюць губляць свае прыбыткі, — распавялі Еўрарадыё на агракамбінаце “Дзяржынскі”. — Бо ведаюць, што ёсць мяжа пакупніцкіх магчымасцяў, разумееце? Ёсць дэльта, якая называецца прыбыткам. І прадпрыемствы, утрымліваючы кошты на рынках на ўзроўні магчымай рэалізацыі, пакрысе з’ядаюць яе”.

Курынае мяса застаецца ў беларускіх крамах самым танным. Здаецца, таннейшыя за бройлера толькі “крывянка” ды “ліверка”:

“Тушка бройлера каштуе 8 тысяч 170 рублёў за кілаграм. Філе без косткі — 18,840. Грудка — вось гэта на костцы — яна 12 тысяч. Бядро яшчэ хадавая пазіцыя — 13,920. Крыло — 8,980”, — распавялі Еўрарадыё ў адной з фірмовых крамаў, дзе гандлююць курацінай.

Па словах спецыялістаў з агракамбіната “Дзяржынскі”, ёсць усе перадумовы, каб узняць гэтыя кошты. Але гэта не дазваляюць пакупніцкія здольнасці беларусаў:

“Газ, які нам пастаўляе дзяржава, падаражэў да снежаньскага кошту на 100 рублёў. Электраэнергія — рублёў на 40 за кілават-гадзіну. Мы маглі б дакладна так жа знівеляваць кошты на сваю прадукцыю. Але ці ёсць магчымасць у пакупніка заплаціць за кураціну, напрыклад, на 10% больш, чым зараз? Ці гэтая прадукцыя ляжа мёртвым грузам у краме, ці на складзе ў нас?”

“Асноўны складнік кошту — гэта корм. Большая частка, да 70%. І толькі пасля газ і электраэнергія”, — удакладняюць на Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыцы. І дадаюць: з улікам усіх падаражанняў курыца мусіць каштаваць разы ў два больш, чым каштуе цяпер! Прычына ж, па якой кошты на кураціну нібыта замарожаныя, як сама тая кураціна, палягае не толькі ў клопаце за пакупнікоў:

“Вам трэба звярнуцца ў Міністэрства эканомікі, якое дае дазвол на павышэнне коштаў на пэўныя тавары. А на сацыяльна значныя — не. Малако, смятана, мяса… А мы б з задавальненнем паднялі кошты”.

Кошты на корм для курэй узраслі з-за неўраджаю збожжавых, які здарыўся летась праз анамальную спёку і пажары. Ды і ўвесну зерне заўжды каштуе больш, чым падчас жніва.

“Сёння на рынку не знайсці пшаніцу, якую ў жніўні-верасні ў Беларусі прадавалі па 300 рублёў за кілаграм, ці кукурузу па 700 рублёў за кілаграм. Сёння кошты скокнулі практычна ў 2 разы, а то і ў 3!” — дадалі на "Дзяржынскім". І пахваліліся, што яшчэ летась, у тым ліку за кошт уласных гаспадарак, стварылі істотныя запасы кармоў, якія дазваляюць неяк “выплываць” без павышэння коштаў.

Бо павышаць кошт на сацыяльна значную кураціну больш чым на 0,7% у месяц перашкаджае дзяржава. У выніку прадпрымальнікі вымушаныя чарговы раз зацягваць паясы.