Правайдэр: Магчыма, што ўказ прывядзе да закрыцця майго бізнесу
Указ прэзідэнта “Аб мерах па ўдасканальванні нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт” падпісаны і пачне дзейнічаць з 1 ліпеня.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто выйграе, а хто прайграе ад прапанаваных метадаў дзяржаўнага рэгулявання “сусветнага павуціння”.
Паводле словаў генеральнага дырэктара УП “Надзейныя праграмы”, дырэктара і заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера, пакуль ён не бачыць тых, хто можа прайграць ад прымянення распрацаванага Адміністрацыяй прэзідэнта ўказа.
Юрый Зісер: “Я дастаткова жорстка на ўсё гэта гляджу, але пакуль не бачу тых, хто прайграе. Бо той праект указа, які мы бачылі два месяцы таму, і тое, што атрымалася ў выніку, — гэта неба і зямля. За гэты час дзяржава заўважна папрацавала над указам, і ён стаў нашмат лепшым. Там не засталося ніякіх рэпрэсіўных мер, дзяржаўныя органы абавязалі весці сайты. Фактычна, гэта першы крок у стварэнні электроннага ўрада. Ідэнтыфікацыя карыстальнікаў замененая на ідэнтыфікацыю тэхнічнага абсталявання, гэтым Wi-Fi і WiMAX вяртаюцца ў легальнае поле”.
Некаторыя пункты ўказа, заўважае Юрый Зісер, будуць удакладняцца пастановай Саўміна, таму гаварыць дакладна пра тое, што будзе пасля 1 ліпеня, сёння цяжка.
Тое, што сённяшні ўказ моцна адрозніваецца ад праекта двухмесячнай даўніны, прызнаў і генеральны дырэктар кампаніі “Айчына плюс” Максім Ляўданскі. Але, кажа, засталіся спрэчныя моманты, па якіх тым жа правайдэрам неабходна атрымаць тлумачэнне ад розных міністэрстваў і ўстаноў.
Максім Ляўданскі: “Ёсць пэўныя моманты спрэчныя, якія неабходна будзе ўдакладніць. І ад гэтага ўдакладнення будзе разуменне таго, для каго і як гэта робіцца, стане больш зразумела, хто выйграе, а хто прайграе”.
Указ прэзідэнта, кажа дырэктар кампаніі “Айчына плюс”, будзе яшчэ змяняцца, у ім будуць з'яўляцца розныя дадаткі і ўдакладненні.
Максім Ляўданскі: “У кожнага дакумента ёсць свая мэта. І ў залежнасці ад гэтай мэты будуць дзейнічаць тыя, хто будзе яго змяняць. Калі гэта мэта — развіццё, то гэта адно. Калі ж яго мэты карныя, то зусім іншыя будуць праўкі”.
У той жа час ён прызнае, што існуюць у Інтэрнэце праблемы, вырашэннем якіх даўно трэба было пачаць займацца.
Максім Ляўданскі: “Сапраўды, ёсць праблема: 90% трафіка сыходзіць за мяжу. Але наколькі гэта можна вырашыць указам, гэта ўжо спрэчнае пытанне. З другога боку, у нас большасць буйнога бізнесу знаходзіцца ў дзяржаўным сектары, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту. І, можа, сапраўды — як па прадпрыемстве ідзе загад дырэктара, дык і тут трэба так. Бо ніхто без загада дырэктара нічога не будзе рабіць”.
Ва ўказе, кажа Максім Ляўданскі, сказана, што неабходна дзяржструктурам развіваць свае сайты — яны за гэта возьмуцца. І нават, магчыма, на адпаведным узроўні.
Максім Ляўданскі: “Напэўна, адсоткаў 15 толькі займелі свае сайты. З гэтых 15 адсоткаў палова сайтаў звярстаныя на каленцы дзецьмі-студэнтамі ў якасці курсавых прац за бясплатна. У выніку мы атрымліваем імідж Беларусі, “звярстаны на каленцы”. Напэўна, гэта няправільна”.
Калі, кажа, указ накіраваны на паляпшэнне такога Інтэрнэт-іміджу краіны, то ён абедзвюма рукамі за яго. Але ж магчымы і іншы варыянт развіцця падзей.
Максім Ляўданскі: “Калі ўказ накіраваны на гэта, то я толькі “за”, гэта на карысць, і я гатовы дапамагаць. Калі ж гэта накіравана на іншае і мы ідзем па шляху Паўночнай Карэі, то тады, напэўна, трэба мне закрываць свой бізнэс і сыходзіць з гэтага рынку. Сэнсу ў далейшым проста няма”.
У адрозненне ад папярэдніх суразмоўцаў Еўрарадыё, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, наадварот, не бачыць тых, хто ад прымянення гэтага ўказа на практыцы выйграе. Затое, кажа, прайграюць і правайдэры, і карыстальнікі. А ўсе дапрацоўкі ўказа іншымі міністэрствамі будуць адбывацца ў той сістэме каардынат, якія ад пачатку закладзеныя ва ўказе. І гэта, на яго думку, сістэма абмежаванняў. А развіццё Інтэрнэта мусіць ісці ў іншым ад абмежаванняў накірунку.
Андрэй Бастунец: “Трэба ўлічваць, што гэта транснацыянальны сродак камунікацыі і інфармацыі, і ўсе пытанні рэгулявання Інтэрнэта трэба абмяркоўваць і каардынаваць з еўрапейскімі краінамі. Спрыяць развіццю Інтэрнэта і шукаць магчымасці зрабіць яго больш танным, каб пашырыць каналы сувязі і каб павялічыць колькасць знешніх каналаў сувязі”.
На яго думку, калі Інтэрнэт дзякуючы ўказу стане больш танным, то гэта будзе адзіная карысць, якую ён можа прынесці. Але дабіцца гэтага можна было б і без згаданага дакумента.