Прадстаўнікі міжнароднай назіральнай місіі ладзяць сустрэчы ў рэгіёнах

Прадстаўнікі міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі маюць намер наладзіць супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі беларускіх рэгіёнаў, паведамляе БелаПАН.

5 сакавіка прадстаўнікі місіі наведалі Гомель. Паводле слоў супрацоўніка міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі Марыі Ясіноўскай, асноўная мэта сустрэчы — пазнаёміцца з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый Гомеля, даведацца пра іх патрэбнасці. "Мы хочам аказваць дапамогу і супрацоўнічаць з арганізацыямі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах Беларусі, хацелі б даведацца, якія ёсць патрэбнасці ў арганізацый у Гомелі, а таксама іх бачанне, якую дапамогу ім можа аказаць місія і міжнародны камітэт", — зазначыла Ясіноўская.

Нагадаем, доўгатэрміновая місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі была створаная 27 снежня 2010 года ў сувязі з сітуацыяй у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яна аб'яднала прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краін прасторы АБСЕ для назірання як за дзейнасцю беларускіх уладаў у выпадку парушэнняў імі правоў чалавека, гэтак і за магчымымі дзеяннямі радыкальных грамадскіх груп, здольных стварыць пагрозу іх выкананню. Місія таксама ажыццяўляе маніторынг агульнай сітуацыі з выкананнем фундаментальных правоў чалавека ў Беларусі, забеспячэння дзейнасці праваабаронцаў. Для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі ў склад місіі не была ўключаная ні адна беларуская арганізацыя.