Падсанкцыйную беларускую драўніну кантрабандай пастаўляюць у Вялікабрытанію —СМІ

Драўніна, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Вялікабрытанію кантрабандай пастаўляецца падсанкцыйная драўніна з Беларусі і Расіі. Пра гэта піша аўтарытэтнае брытанскае выданне The Guardian са спасылкай на вынікі даследавання міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі World Forest ID, заўважыў "Позірк".
World Forest ID была створаная ў 2017 годзе, каб забяспечыць празрыстасць у глабальных ланцужках паставак лясной прадукцыі. Як піша The Guardian, эксперты выявілі, што 46% узораў бярозавай прадукцыі, маркіраванай па паходжанні з Украіны, Польшчы, Эстоніі ды Латвіі, насамрэч такімі не былі. Адзінымі верагоднымі краінамі іх паходжання з’яўляюцца Беларусь і РФ.
На пастаўку расійскай і беларускай фанеры і драўняных вырабаў былі накладзеныя санкцыі пасля шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
The Guardian піша, што пасля нападу РФ на Украіну ў 2022 годзе экспарт расійскай бярозы ў еўрапейскія краіны, у тым ліку Вялікабрытанію, рэзка скараціўся. Затое значна выраслі пастаўкі з іншых краін, уключаючы Казахстан і Турцыю. Паводле звестак ААН, напрыклад, Казахстан павялічыў экспарт фанеры з 600 тон у 2021 годзе да 25 600 т у 2022-м.
Раней экалагічная арганізацыя Earthsight правяла расследаванне, якое пацвярджае вывад World Forest ID: у ЕС і Вялікабрытанію паступае падсанкцыйная беларуская фанера.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.