Навагоднія падарункі дзецям-інвалідам выдаюць у сакавіку
Упраўленне сацыяльнай абароны насельніцтва ў Баранавічах усё яшчэ выдае навагоднія падарункі дзецям-інвалідам.
Дарэчы, упакаваныя падарункі ажно 29 верасня 2010 года. Тэрмін захоўвання цукерак у іх — 6 месяцаў, гэта значыць, да 29 сакавіка. Пра гэта Еўрарадыё распавяла адна з жанчын, якой уручылі падарунак для дзіцяці. Набор кандытарскіх вырабаў “Пошта Санты” нібыта захоўваўся ўвесь гэты час у цэнтры сацыяльнай абароны, а каб яго атрымаць “трэба было патэлефанаваць”. На пытанне кабеты, што сказаць дзіцяці, там параілі: скажыце, што Дзед Мароз заблукаў.
Агулам на ўліку ва ўпраўленні сацыяльнай абароны ў Баранавічах каля 300 дзетак-інвалідаў. Каля ста з іх яшчэ чакаюць падарункі Дзеда Мароза.