Наталля Радзіна мае намер працягнуць працу рэдактарам "Хартыі-97"

Вызваленая 28 студзеня з CІЗА КДБ пад падпіску пра невыязд Наталля Радзіна мае намер у "высылцы" ў Кобрыне працягнуць журналістскую дзейнасць і працу рэдактарам сайту "Хартыя-97".
"Я буду працаваць журналістам, я буду працаваць рэдактарам charter97. І я буду рабіць усё, каб людзі, якія знаходзяцца зараз за кратамі, каб яны выйшлі на свабоду. Бо перш за ўсё неабходная салідарнасьць", - распавяла Радзіна ў інтэрв'ю Радыё Свабодзе.

"Я вельмі ўдзячная за салідарнасць кожнаму чалавеку, кожнаму журналісту, кожнаму палітыку. Толькі дзякуючы іх падтрымцы стала магчымым маё выйсце на волю",
— сказала Радзіна ў інтэрв'ю БeлаПАН неўзабаве пасля выйсця з ізалятара.

Па словах журналісткі, 30 студзеня ёй неабходна быць ужо ў Кобрыне, паколькі на час следства і суда яна павінна знаходзіцца па месцы рэгістрацыі. Радзіна дала падпіску пра невыдаванне таямніцы следства.

Сам арышт стаў для журналісткі шокам. "Мне было незразумела, на якой падставе, а калі прад'явілі абвінавачванне, шок быў падвойным", — сказала яна.

Радзіна і яшчэ 36 чалавек, уключаючы пецярых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах-2010, вінавацяцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Думкі Наталлі Радзінай пасля вызвалення з СІЗА КДБ можна прачытаць тут.





Фота — bymedia.net