На выбарах прэзідэнта Турцыі перамог Эрдаган
Па дадзеных ЦВК, дзеючы прэм'ер-міністр краіны Рэджэп Таіп Эрдаган перамог у першым туры, набраўшы 52% галасоў.
Другога тура выбараў не будзе, паведаміў старшыня выбарчай камісіі Садзі Гювен. Па выніках падліку 95% бюлютэней, за Эрдагана прагаласавалі 52% выбаршчыкаў. Галоўны кандыдат ад апазіцыі Экмеледзін Іхсанаглу набраў 38,5% галасоў. Трэці прэтэндэнт, Селяхацін Дэмірташ, набраў 9,8%.
Яўка на выбарах склала 73,1%. На актыўнасць выбаршчыкаў, паўплывала спякота і перыяд адпачынкаў і вакацый, паведамляе ВВС. Канчатковыя вынікі галасавання будуць апублікаваныя ўвечары ў панядзелак.
Гэта першыя прамыя выбары прэзідэнта ў Турцыі з 1923 года. Да цяперашняга часу кіраўніка Турэцкай Рэспублікі выбіраў парламент. Для перамогі ў першым туры адзін з кандыдатаў павінен быў набраць абсалютную большасць галасоў (50% плюс адзін голас).
Эрдаган займае пасаду прэм'ера Турцыі з 2003 года і ўсе гэтыя гады дамінаваў у турэцкай палітыцы, але па канстытуцыі ня мог узначальваць кабінет міністраў краіны на працягу яшчэ аднаго тэрміну.