На Шуміліншчыне “хімік” загінуў на рэйках

У Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці загінуў мужчына, які імкнуўся зэканоміць на чыгуначным білеце. Падрабязнасці здарэння паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

«Трагедыя адбылася днямі ля вёскі Язвіна Шумілінскага раёну. Малады мужчына, які адбываў пакаранне на хіміі, у свой выходны прыехаў наведаць бацьку.


Калі прыйшоў час вяртацца ў Полацкі раён, да месца адбыцця пакарання, ён уладкаваўся паміж дзвюма цыстэрнамі грузавога цягніка, які ішоў у патрэбным яму напрамку. Калі цягнік набраў хаду, мужчына не утрымаўся і зваліўся на рэйкі. Смерць была імгненнай.


Паводле словаў бацькі загінулага, яго сын амаль заўсёды падарожнічаў менавіта такім чынам, бо не меў грошай на квіток. Дарэчы, паводле звестак віцебскай транспартнай міліцыі, на працягу студзеня на чыгунцы загінулі ўжо чацвёра, а за ўвесь мінулы год дзесяць чалавек».