МУС: Заўзятараў-хуліганаў змогуць тры гады не пускаць на стадыёны
Ад трох месяцаў да трох гадоў — на такі тэрмін могуць пазбавіць заўзятараў-хуліганаў права наведваць спартовыя спаборніцтвы. Адпаведныя папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях набылі моц з сённяшняга дня, перадае БЕЛТА са спасылкай на МУС.
За дробнае хуліганства, распіццё алкаголю, прапаганду нацыскай сімволікі ды іншыя правапарушэнні заўзятараў могуць "адлучыць" ад стадыёнаў. Забарону на наведванне стадыёна накладае суд. За парушэнне гэтай забароны пагражае штраф (ад дзвюх да дваццаці базавых велічынь) або адміністрацыйны арышт.
Адсейваць заўзятараў-хуліганаў праваахоўнікі будуць з дапамогай візуальнага назірання, сістэмай відэаманіторынгу ды іншых метадаў. Раней планавалася, што МУС складзе базу даных на фанатаў, якім забаронена наведваць спартовыя мерапрыемствы. Але ад гэтай ідэі адмовіліся, бо гэтыя звесткі ўносяцца ў адзіны дзяржаўны банк даных аб правапарушэннях у агульным парадку. "Размяшчэнне ў адкрытым доступе звестак аб такіх правапарушальніках, як і вядзенне асобнай базы даных такой катэгорыі грамадзян, не прадугледжана", — заяўляюць у МУС.
Новыя папраўкі ў адміністрацыйнае заканадаўства не маюць зваротнай сілы. Гэта значыць, што яны не будуць дзейнічаць на фанатаў-парушальнікаў за іх ранейшыя хуліганствы.