Муамар Кадафі — ганаровы доктар БДУІР

Лідар Вялікай лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі з'яўляецца ганаровым доктарам Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Кіраўнік краіны, у якой на падаўленне дэманстрацыяў днямі былі кінутыя войскі, атрымаў гэтае званне "за значны ўнёсак у развіццё адукацыі і навукі, а таксама за ўмацаванне супрацоўніцтва паміж ВНУ Беларусі і Вялікай сацыялістычнай народнай лівійскай Арабскай Джамахірыяй".

"Летась яму сапраўды быў уручаны дыплом ганаровага доктара, — распавялі Еўрарадыё ва ўніверсітэце. — Кадафі заслугоўвае яго, бо мы працуем з Лівіяй (а дакладней — з амбасадай гэтай краіны) з 2002 года. Спачатку быў Цэнтр дыпломнай адукацыі, зараз існуе Народнае бюро. Увесь гэты час мы паспяхова рыхтуем кадры вышэйшай навуковай кваліфікацыі для Лівіі. Муамар Кадафі — галоўны кіраўнік нашага супрацоўніцтва з боку Лівіі".

Нагадаем, у Лівіі ўжо некалькі дзён не суцішаюцца масавыя акцыі пратэсту супраць рэжыма, які больш за 30 гадоў таму ўсталяваў у краіне Муамар Кадафі. Учора лівійскія ВПС нанеслі авіяўдар па Трыпалі. На вуліцах Бенгазі, вялікую частку якога (па неправераных звестках) кантралююць дэманстранты, салдаты не саромеючыся выкарыстоўваюць супраць людзей аўтаматычную зброю, уключна з буйнакалібернымі кулямётамі, і нават ракеты.