Моладзевы актывіст Зміцер Хведарук знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ

Моладзевы актывіст Зміцер Хведарук знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Пра гэта паведаміў яго сябра Барыс Гарэцкі. Па яго словах, інфармацыя аб знаходжанні Федарука была пацверджана яго сваякамі.

Гарэцкі мяркуе, што на працягу трох дзён Змітру Хведаруку і Алегу Корбану павінны прад'явіць абвінавачванне, але тэрмін яго вынясення з санкцыі пракурора можа быць падоўжаны да 10 дзён.

Хутчэй за ўсё, моладзевым актывістам будзе прад'яўлена абвінавачванне па крымінальным артыкуле — дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Нагадаем, 28 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" былі затрыманыя ўвечары 4 лютага ў кватэры, дзе яны праводзілі пасяджэнне.

Пасля складання пратаколаў усіх паўналетніх, акрамя Хведарука і Корбана, адпусцілі, за непаўналетнімі прыехалі бацькі.