Мінінфарм не падтрымаў прапанову спыніць трансляцыю расійскіх каналаў у РБ
Чыноўнікі не маюць звестак пра выпадкі адкрытых агавораў, дэзінфармацыі ў дачыненні ўкраінскіх і беларускіх падзеяў з боку расійскіх тэлеканалаў.
Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў сваім звароце прасіў Міністэрства інфармацыі разглядзець сюжэт "Первого канала" "Беженка из Славянска вспоминает, как при ней казнили маленького сына и жену ополченца" на прадмет парушэння закона “Аб СМІ” і ўзняць пытанне пра спыненне трансляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў, якія сістэматычна парушаюць дадзены закон.
Мінінфармацыі “не мае права каментаваць парушэнні заканадаўства аб СМІ Расійскай Федэрацыі рэдакцыяй “Первого канала””, — напісаў намеснік міністра Сяргей Хільман. Паводле яго слоў, магчыма адклікаць ліцэнзію ў тэлеканала ці радыёпраграмы толькі ў выпадках грубага парушэння імі заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ліцэнзаванні: калі ліцэнзаваная дзейнасць ажыццяўляецца ў мэтах, што “супярэчаць інтарэсам Рэспублікі Беларусь” і калі вяшчанне ўтрымлівае звесткі, “распаўсюд якіх забаронены ці абмежаваны заканадаўствам”.
Фота — Fotolia, baj.by