Мінадукацыі з сакавіка ўводзіць электронную чаргу на апастыль

Па электронным запісе будуць прымаць дакументы толькі ад іх уладальніка (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com
Міністэрства адукацыі Беларусі ўводзіць электронны папярэдні запіс для падачы дакументаў на прастаўленне апастыля. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 3 сакавіка. Яго можна будзе ажыццявіць на афіцыйным сайце Мінадукацыі. Для папярэдняга запісу неабходна пазначыць від дакумента і яго нумар. "Выбар даты і часу наведвання ажыццяўляецца самастойна з даступных дат з улікам графіка прыёму дакументаў", — піша прэс-служба міністэрства.
Па электронным запісе будуць прымаць дакументы толькі ад іх уладальніка (і толькі тыя, што пазначаны ў форме папярэдняга запісу, інакш іх не возьмуць).
Да 31 сакавіка папярэдні запіс на прастаўленне апастыля будзе магчымы і ў ранейшым фармаце — у Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі (Мінск, вул. Казлова, д. 28, кабінет 201). Адзначаецца, што запіс па тэлефоне ці электроннай пошце не ажыццяўляецца.
Апастыль патрэбны для "легалізацыі" дыпломаў ды іншых дакументаў для працы і навучання за мяжой. Пасля падаўлення пратэстаў 2020-га, падчас рэпрэсій у РБ назіраўся асаблівы ажыятаж — моладзь з'язджала за мяжу. Гэта працэс не спыняецца дагэтуль. Яшчэ летам 2024-га чыноўнікі гаварылі, што прапрацоўваюць варыянты для "аптымізацыі чэргаў": збіраліся ўвесці электронную чаргу на апастыль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.