Міліцыя пра пінскіх пенсіянераў-гандляроў: Іх папярэджвалі, але ім усё адно

Гэта — 56-гадовы мужчына і дзве 64-гадовыя жанчыны.

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Брэсцкай абласной міліцыі.


Супрацоўнік міліцыі: “Людзі прыйшлі, сталі, захацелася ім прадаць, яны гандлююць, парушаючы закон. Іх участковы некалькі разоў папярэджваў, але ім усё адно. Ну ён прыехаў з нарадам. У выніку тры чалавекі былі дастаўленыя ў раённы аддзел міліцыі: мужчына 1957 года нараджэння і дзве жанчыны 1949 году нараджэння”.


На мужчыну склалі пратакол за незаконны гандаль, а на жанчын — па два пратаколы: за непадпарадкаванне міліцыі і за незаконны гандаль, дадалі ў міліцыі. Раней з'яўлялася інфармацыя, што іх ужо і асудзілі.


Нагадаем, у інтэрнэце з’явілася відэа за 7 ліпеня, на якім бачна, як міліцыя жорстка затрымлівае пенсіянераў, якія гандлююць на рынку “Заходні” у Пінску. Там відаць, як праваахоўнікі спрабуюць выдраць зэдлік і торбу з рук дзеда з сівой барадой. Пасля ў міліцэйскі УАЗ запіхваюць дзвюх жанчын. Тыя лямантуюць, у адной з іх з галавы падае касынка, на якую наступае міліцыянт.