Магілёўскія дэмакраты рыхтуюцца да байкоту будучых парламенцкіх выбараў
Пра гэта было заяўлена ўчора на абласной канферэнцыі дэмакратычных сіл, на якой былі падведзеныя вынікі прэзідэнцкай кампаніі і намечаныя задачы на будучае.
Дэмакраты Магілёўскай вобласці ставяць галоўнай сваёй мэтай вызваленне ўсіх палітзняволеных.
Як заявіў БелаПАН кіраўнік кааліцыі дэмакратычных сіл Магілёўскай вобласці Юрый Новікаў, пераслед актывістаў апазіцыі працягваецца. "У такіх умовах, вядома, працаваць цяжка. Але жыццё не стаіць на месцы, і адной з нашых задач будзе падрыхтоўка да будучых парламенцкіх выбараў", — сказаў ён.
Магілёўскія дэмакраты прыйшлі да высновы пра неабходнасць актыўнага байкоту гэтых выбараў, калі з турмаў не будуць выпушчаныя ўсе арыштаваныя па справе аб гэтак званых масавых беспарадках у Мінску.
Удзельнікі канферэнцыі звярнуліся да ўсіх жыхароў вобласці з заклікам далучыцца да працы для пабудовы свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.