Лукашэнка паабяцаў лібералізацыю ўсяго беларускага грамадства

У Беларусі будзе праведзеная лібералізацыя не толькі эканомікі, але і жыццядзейнасці ўсяго грамадства. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кіраўнікам вядучых беларускіх СМІ. Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў бюракратыю ў эканоміцы. Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна даць магчымасць вольна развівацца эканоміцы. Пры гэтым ён адзначыў, што вельмі важна падтрымліваць ініцыятыву саміх людзей, трэба даць ім магчымасць вольна рэгістраваць свае прадпрыемствы і спакойна працаваць.

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі адбудзецца прыватызацыя шэрагу прадпрыемстваў, але за вельмі вялікія грошы — колькі на рынку каштуе кожнае канкрэтнае прадпрыемства. Сістэмаўтваральныя прадпрыемствы, калі і прадаюцца, то толькі ў выключных выпадках. Такіх выключных выпадкаў сёння ў Беларусі няма, нават нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён падпісаў важныя дакументы, датычныя лібералізацыі эканомікі. Неўзабаве яны будуць апублікаваныя.

Тэлеверсія інтэрв'ю будзе паказаная сёння ў 21:00 па Першым тэлеканале, АНТ і СТВ.


БЕЛТА