Ліквідацыю "Клопату" адклалі на сёння
Рашэнне па пазове Мінюста аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання сацыяльнай падтрымкі дзяцей і моладзі "Клопат" Вярхоўны суд вынесе 17 сакавіка.
Старшыня праўлення арганізацыі "Клопат" Ніна Пахлопка падкрэсліла, што ўсё судовае паседжанне "круцілася вакол імя Ўладзіміра Някляева".
Аб тым, што выканаўчым дырэктарам "Клопату" быў Някляеў, згадаў на судзе прадстаўнік Мінюста Аляксандр Харытон.
"Я заявіла, што была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Някляева, што я ўдзячная лёсу за магчымасць працаваць разам з Някляевым. І я схіляю галаву перад мужнасцю Ўладзіміра Някляева", — адзначыла Пахлопка.
8 лютага 2011 года Мінюст падаў пазоў на ліквідацыю "Клопату", матывуючы тым, што арганізацыя доўгі час не знаходзіцца па зарэгістраваным юрыдычным адрасе і не падала запатрабаваныя дакументы, нагадвае сайт кампаніі "Гавары праўду!".