Леанід Міндлін: Такія тэледэбаты ператворацца ў хаос
Як даведалася Еўрарадыё, кандыдатам не дадуць магчымасці дэбатаваць з абраным спарынг-партнёрам, а вядучы па чарзе задасць ім пытанні. Прычым галоўны апанент ус
Разам з пасведчаннямі Цэнтрвыбаркам падараваў 10 кандыдатам у прэзідэнты
 адну гадзіну дэбатаў на ўсіх у прамым эфіры радыё і тэлебачання. Як 
высветлілася, сустракацца і дэбатаваць сам-насам з абраным 
спарынг-партнёрам у палітыкаў магчымасці не будзе. Іх проста збяруць 
усіх разам у адной студыі, і яны па чарзе адкажуць на пытанні вядучага. 
Паводле словаў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, менавіта так і павінны выглядаць сапраўдныя тэледэбаты.
Лідзія Ярмошына: “Дэбаты
 — гэта дыскусіі па самых значных пытаннях. А значыцца, што гэтыя 
пытанні нехта павінен задаваць. Гэта і ёсць класічныя дэбаты. А вось 
гэта: з абліваннем сокам і адзін насупраць другога — гэта ўсё што 
заўгодна, але не дэбаты. Гэта можна назваць дыскусіяй. Тэлебачанне будзе
 ставіць стойкі з мікрафонамі — гэта ўсё будзе стоячы, усе будуць 
знаходзіцца адзін насупраць другога. Гэта больш прымальная форма 
дэбатаў. Гэта, прынамсі, высвятленне пазіцыі. Калі гэтага не будзе, то 
гэта будзе кухонная дыскусія: дурань — сам дурань!”.
З гэтым катэгарычна не згодны лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў. Ён, дарэчы, сам працаваў калісьці на тэлебачанні і вёў падобныя праграмы.
Уладзімір Някляеў: “Каля
 я працаваў на тэлебачанні і мне трэба было зрабіць нейкую афіцыйную 
перадачу, і трэба было, каб выказаліся ў гэтай перадачы людзі, якіх я б 
не хацеў ні сам чуць, ні каб ад іх нешта чулі іншыя, калі я хацеў 
знівеляваць усіх, каб ніхто не запомніўся — то гэта самы той прыём. 
Падаць усіх адзін за адным раскадровачкай — і ніхто пры ўсім жаданні не 
здолее нікога вылучыць. Яны працягваюць тую ж тактыку, якую выбралі і на
 саміх выбарах: узяць 10, забіць у гэты пул, каб моцныя заблыталіся ў 
нагах слабых. Гэта не толькі парушэнне фармату дэбатаў, але і 
абмежаванне нашых правоў”.
Згодны з гэтым і былы вядучы тэлеперадачы “Студыя “Палітыка”, рэжысёр Леанід Міндлін.
Леанід Міндлін: “Такія
 тэледэбаты ператворацца ў хаос. Гэта відавочна. Бо выказаць свой пункт 
гледжання і прадставіць сваю пазіцыю ў атачэнні такой вялікай колькасці 
людзей — дастаткова цяжка. Другое — гэта можа ператварыцца нават не ў 
спрэчку, не ў дэбаты і не ў тлумачэнне сваёй пазіцыі — а ў бессістэмную 
дзею. Без драматургіі і рэжысуры. Падзяліце 60 хвілін на колькасць 
людзей: што з гэтага атрымаецца? Людзей, якія выйшлі на палітычную сцэну
 ў якасці галоўных дзейных асоб, — іх ператвараюць у звычайную масоўку ў
 гэтым тэлеспектаклі, які называецца тэледэбаты”.
Праўда, у яго ёсць парада, як зрабіць так, каб цябе нават у масоўцы заўважылі.
Леанід Міндлін: “У
 таго, хто патрапіў на жывы эфір, ёсць усё ж магчымасць сказаць тое, што
 ён хоча сказаць. Ёсць такое правіла тэлевізійнае: мае рацыю той, у каго
 ў руках мікрафон. Трэба дамагчыся, каб гэты мікрафон быў у цябе ў 
руках”.
Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук выдатна
 разумее, што прапанову БТ нельга назваць сапраўднымі дэбатамі. І, каб 
не згубіцца ў гэтай “масоўцы”, прапаноўвае сваім калегам план сумесных 
дзеянняў.
Яраслаў Раманчук: “Я не буду спрачацца з 
іншымі кандыдатамі, а проста буду казаць пра свой пункт гледжання. Мая 
прапанова будзе да ўсіх кандыдатаў: выкарыстоўваць гэты час, каб кожны 
сказаў найбольш важнае. Але — каардынавана, каб гэты гучала як адна 
праграма”.
Праўда, ёсць чалавек, з якім хацелі б паспрачацца ў эфіры ўсе кандыдаты — Аляксандр Лукашэнка. Паводле словаў Уладзіміра Някляева, дзеючы прэзідэнт абавязкова мусіць прысутнічаць на дэбатах.
Уладзімір Някляеў: “Новыя
 кандыдаты ў прэзідэнты павінны высвятляць з дзеючым прэзідэнтам і 
кандыдатам у наступныя прэзідэнты памылкі, якія зробленыя, і 
паспрабаваць акрэсліць найбольш аптымальны шлях у будучыню. Гэта само па
 сабе патрабуе ўдзелу дзеючага прэзідэнта”.
Але як сказаў Еўрарадыё кіраўнік выбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі міністр Аляксандр Радзькоў,
 на дэбаты дзейны прэзідэнт наўрад ці пойдзе. Маўляў, ён і так часта 
з’яўляецца ў эфіры і хоча даць магчымасць выказацца астатнім.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
