Латушка расказаў, калі Беларусь будзе плаціць рэпарацыі Украіне
Павел Латушка / Еўрарадыё
Беларусь будзе плаціць Украіне нейкую кампенсацыю за ўдзел у вайне толькі ў тым разе, калі гэта вызначыць трыбунал. Пра гэта ў сваім відэазвароце заявіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.
"Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, нават саму размову аб рэпарацыях, кантрыбуцыях або іншых формах кампенсацыі весці бессэнсоўна. Лукашэнка дакладна не будзе нічога кампенсаваць Украіне", — падкрэсліў ён.
Таксама, на думку Латушкі, не будзе ісці гаворка пра нейкія кампенсацыі, калі пасля Лукашэнкі ягоны рэжым захаваецца з нейкім беларускім ці расійскім пераемнікам.
"Размаўляць пра гэта можна толькі з цывілізаваным дэмакратычным урадам незалежнай Беларусі", — упэўнены палітык. Урад дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, на яго думку, павінен на 100% прытрымлівацца міжнароднага права.
Пры гэтым Латушка дадае: "Каб права на кампенсацыі наступіла, неабходнае рашэнне міжнароднага трыбунала". Але, па яго словах, пытанне трыбунала пакуль што абмяркоўваецца значна менш, чым пытанне кампенсацый.