Беларусь яшчэ надоўга застанецца ў зоне расійскага ўплыву
Рэвалюцыя прайграла, але я ўпэўнены, што яна прайграла не Лукашэнку. Беларуская рэвалюцыя прайграла Пуціну. І гэта вельмі сур'ёзна, бо гэтай вайне 500 гадоў. У маіх вачах Смаленск 500 гадоў быў памежным горадам, гайдаўся туды-сюды. У момант падзелу Рэчы Паспалітай наша тэрыторыя ўвайшла ў Расійскую імперыю, і цяпер стаяла пытанне, ці можа яна быць адтуль адрынутая ці яшчэ доўгі час будзе ў ёй. У выніку рэвалюцыі, я думаю, Беларусь яшчэ надоўга застанецца ў зоне расійскага ўплыву. Будзе гэта асобная краіна ці не, не мае значэння. На жаль, такі вынік рэвалюцыі. Вінаватыя ў гэтым тыя, хто рабіў рэвалюцыю? Вы ведаеце, гэта як вінаваціць згвалтаваную жанчыну ў тым, што яна супраціўлялася, але пры гэтым зламала руку.
Альтэрнатыўным палітыкам страшна сказаць праўду
Мне вельмі сумна бачыць нашых палітыкаў, якія зацікаўлены ў выніку. Я ўсіх іх лічу шчырымі людзьмі. Я пагутарыў практычна з усімі, з кім мог, адчуў тую энергію, якая ад іх ідзе. Я не магу нікому прад'явіць прэтэнзій з нагоды таго, што яны штосьці робяць няправільна. Яны ўсе робяць тое, што лічаць магчымым. Але пры гэтым ім вельмі страшна сказаць праўду. Чамусьці гэтыя людзі не давяраюць народу, не давяраюць нам з вамі і не могуць сказаць шчыра: "Хлопцы-дзеўкі, у той сітуацыі, якая ёсць, мы, магчыма, на вельмі доўга, магчыма, нават на дзясяткі гадоў". Ці азначае гэта, што яны не павінны рабіць тое, што робяць? Думаю, не.
Ведаў, што акенца магчымасцяў адкрыецца, але не думаў, што так хутка
Калі ў верасні-кастрычніку былі вялікія маршы, мне здавалася, што трэба будаваць моцную структуру, бо сітуацыя можа адкручвацца назад і патрэбна структура, якая будзе працаваць далей. Але як ёсць — так ёсць. Калісьці даўно я пісаў, што сітуацыя, падобная на тое, што адбылося, можа здарыцца, што акенца магчымасцяў адкрыецца. Я не думаў, што гэта будзе так хутка, думаў, што да гэтага дзесяць гадоў. Я агаломшаны тым, што адбылося ў 2020 годзе.
Немаскулінная Беларусь
Мяне вельмі ўразілі мітынгі на плошчы Бангалор у Мінску. Проста перадвыбарчы мітынг сабраў 63 тысячы чалавек. Я магу памыляцца, але, мабыць, гэта другі па масавасці мітынг за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Папярэдні, па-мойму, быў у 1996 годзе, падчас Чарнобыльскага шляху.
Калі я даведаўся, колькі людзей прыйшло на Бангалор, зразумеў, што нешта не так і нешта змянілася сур'ёзна. Ну і, вядома, нашы тры жанчыны [Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава] — такі сам па сабе ўжо вобраз! Я паверыў, што Беларусь — жаночая краіна. У яе жаночая душа. Беларусь — не маскулінная. Гэта не краіна для мача. Не краіна для Пуціна, Берлусконі або Трампа. І дай бог, каб у нас захаваўся гэты свой вобраз.