Кіпр раскажа Брусэлю, чым займаюцца беларускія прадпрымальнікі

Гэта спатрэбіцца, каб выявіць, хто насамрэч з’яўляецца ўладальнікам фірмы, адкуль прыйшлі грошы і куды пералічваюцца прыбыткі. Але для такой праверкі павінны быць сур’ёзныя падставы.

Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы заявіў дырэктар Бізнэс-асацыяцыі “Кіпр-Расія” Анціс Натанаэл.

Анціс Натанаэл: “Калі размова ідзе пра Еўрасаюз, пра Брусэль, калі яны звяртаюцца да Кіпра альбо Вялікабрытаніі з нейкімі запытамі, то для гэтага павінныя быць сур’ёзныя, законныя падставы, што такая кампанія займаецца незаконнай дзейнасцю. І тады ўсе краіны-сябры Еўрасаюза павінны раскрыць такога кшталту інфармацыю. Найперш — хто стаіць за гэтай кампаніяй”.

Па яго словах, паводле мясцовых законаў адкрываць кампанію на Кіпры могуць толькі мясцовыя юрысты. І калі замежны прадпрымальнік хоча мець фірму на гэтай выспе, ён павінен звярнуцца да такога мясцовага спецыяліста. Такі юрыст заўсёды навідавоку для фіскальных ды іншых кантралюючых органаў. А вось пра сапраўднага ўладальніка інфармацыя ў адкрытым доступе можа адсутнічаць.

Звычайна, кажа Анціс Натанаэл, такая праверка ладзіцца пасля афіцыйнага запыту з Нацыянальнага банка той краіны, адкуль паходзіць верагодны гаспадар зарэгістраванай на Кіпры фірмы. Але ў выпадку з Беларуссю магчымы варыянт запыту з Брусэлю.