"Хай паспрабуе" — Сікорскі пра заяву Лукашэнкі аб падрыхтоўцы да вайны
Радаслаў Сікорскі / Reporter / East News
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментаваў сайту "Зеркало" заяву Аляксандра Лукашэнкі пра падрыхтоўку Беларусі да вайны.
"Хай паспрабуе. Паглядзім, хто выйграе", — зазначыў Сікорскі.
Кіраўнік польскай дыпламатыі прыбыў у сталіцу Бельгіі, дзе ў штаб-кватэры NATO 3-4 красавіка праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў краін Альянсу.
Як распавядала Еўрарадыё, 2 красавіка Лукашэнка падчас паездкі ў Гродна заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны: "Нікому не верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу адкрыта. "Хочаш міру — рыхтуйся да вайны", — не я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана".
Словы Лукашэнкі напярэдадні таксама пракаментаваў прадстаўнік замежнапалітычнай службы ЕС Петэр Стана. Ён назваў Лукашэнку самазванцам і паведаміў, што ЕС рыхтуецца супрацьстаяць пагрозам: "Мы працуем над тым, каб Еўропа была найлепшым чынам абсталяваная для супрацьстаяння ўсім пагрозам, якія зыходзяць ад такіх людзей, як Лукашэнка ці Пуцін".