Камісія па вяртанні атрымала каля 300 зваротаў

Генпракурор Андрэй Швед

Генпракурор Андрэй Швед

Камісія па вяртанні атрымала каля 300 зваротаў. Такую колькасць назваў генпракурор Андрэй Швед, які ўзначальвае гэтую камісію.

"Камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў пачала сваю працу ў лютым 2023 года. На сённяшні дзень у камісію паступіла каля 300 зваротаў", — перадае яго словы "СБ. Беларусь сегодня".

Яшчэ на пачатку лютага 2025 года Швед казаў, што камісія разгледзела 241 зварот і каля дзесяці заяваў знаходзілася ў працы. Нядаўна паведамлялася, што прайшло чарговае пасяджэнне камісіі, на якім разглядаліся восем зваротаў.

Паводле Шведа, сёлета колькасць зваротаў вырасла ў два разы. Праўда, матэматыка абвяргае генпракурора. Раней паведамлялася, што за мінулы год у камісію паступіла менш за 100 зваротаў. Са словаў Шведа вынікае, што за мінулыя пяць месяцаў працы яго камісія атрымала каля 50 зваротаў — такімі тэмпамі за год зноў будзе каля 100 ці крыху больш. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.